Паводле перадпраектнай дакумэнтацыі, апублікаванай на сайце Віцебскага гарвыканкаму, крыніцамі фінансаваньня будуць сродкі самога ФК “Віцебск”, а таксама – сродкі гарадзкога бюджэту (з пазнакай – “часткова”).
Зьнясуць дамы, зьнішчаць дрэвы ля Віцьбы
Прыблізная сума будаўніцтва (5 млн. 547 тыс. рублёў) падаецца ў дакумэнтах без уліку выдаткаў на знос і адсяленьне жыхароў, таму выніковая лічба будзе яшчэ большая. Пад знос пойдуць два дамы па вуліцы Пугачова, 5 і 7 з гаспадарчымі забудовамі і садамі.
Тэрыторыя пад будаўніцтва манэжу знаходзіцца ў водаахоўнай зоне ракі Віцьба. На сытуацыйнай схеме (глядзіце вышэй) бачна, што праектаваная плошча будаўніцтва накрывае зялёную зону ля Віцьбы. Колькі будзе зьнішчана дрэваў – не ўдакладняецца. Гаворыцца толькі пра кампэнсацыйныя выплаты і пасадкі.
Пачнуць будаваць у верасьні
Поўная назва праектаванага аб’екту – “Паветраапорны футбольны манэж дзіцяча-юнацкай школы футбольнага клюбу “Віцебск”. “Паветраапорны” – бо абалонка манэжу не прадугледжвае каркасу, паветра ўсярэдзіне будзе пастаянна нагнятацца пры дапамозе вэнтыляцыйных установак. Аналягічны футбольны манэж ужо дзейнічае ў Горадні.
Усярэдзіне футбольнага манэжу (Горадня)
Паводле перадпраектнай дакумэнтацыі, віцебскі манэж канструкцыі славенскай фірмы “Дуол” будзе злучаны зь існым адміністрацыйна-бытавым корпусам ЦСК наземным пераходам. Прапускная здольнасьць манэжу – 300 чалавек за дзень, ён зойме, паводле праекту, 9375,16 квадратных мэтраў.
Будаўніцтва футбольнага манэжу для юных футбалістаў у Віцебску мяркуюць пачаць у верасьні 2018 году і скончыць праз 8,5 месяцаў. Меркаваны тэрмін эксплёатацыі аб’екту – 30 гадоў.
Заказчыкам будаўніцтва выступае прадпрыемства “Упраўленьне капітальнага будаўніцтва г. Віцебску”. Аўтар праекту – “Інстытут Віцебскграмадзянпраект”. Хто стане падраднай арганізацыяй, пакуль невядома.
Дзеля “падвышэньня значнасьці футболу”
“Мэта праекту – рэалізацыя праектных рашэньняў Генэральнага пляну. Асноўнай метай інвэставаньня дадзенага аб’екту ёсьць падвышэньне значнасьці футболу ў сфэры фізычнай культуры і спорту і рост ягонай папулярнасьці ў насельніцтва рэспублікі”, – гаворыцца ў паведамленьні Віцебскага гарвыканкаму.
Экспазыцыя графічных і тэкставых матэрыялаў будзе разьмешчаная ад 3-га да 18-га верасьня ў аддзеле архітэктуры і горадабудаўніцтва Віцебскага гарвыканкаму на трэцім паверсе будынку “УКБ гораду Віцебску” (вул. Шубіна, 5). Там жа можна будзе пакінуць свае заўвагі і прапановы наконт праекту. Іх таксама можна будзе накіраваць электроннай поштай на адрас Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. з пазнакай “грамадзкае абмеркаваньне”.
Нагадаем, грамадзкае абмеркаваньне будаўніцтва футбольнага манэжу ў Віцебску пачнецца 3 верасьня і працягнецца да 27 верасьня.
Заўвагі і прапановы, атрыманыя ад удзельнікаў абмеркаваньня, будуць разгледжаныя на абласной архітэктурна-будаўнічай радзе не пазьней 11 кастрычніка 2018 году, абяцаюць арганізатары абмеркаваньня.
Зьміцер Міраш