Пятніца, 07 Верасень 2018

Актывісткі БХД пагутарылі са службоўцам аблвыканкаму пра мэдыцыну

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Алена Шабуня, Тацяна Севярынец, Ірына Захарава Алена Шабуня, Тацяна Севярынец, Ірына Захарава

Трое актывістак аргкамітэту партыі БХД сустрэліся 5 верасьня з начальнікам упраўленьня аховы здароўя Віцебскага аблвыканкаму Юрыем Дзеркачом. Дзеля загадзя заплянаванай сустрэчы з чыноўнікам Тацяна Севярынец і Ірына Захарава вырашылі не ісьці на судовы працэс, фігурантамі якога яны зьяўляліся. Апроч іх, удзел у сустрэчы ўзяла актывістка Алена Шабуня.

Пэрыядычныя сустрэчы са службовымі асобамі гарадзкога і абласнога ўзроўняў дапамагаюць актывісткам «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» ня толькі быць у курсе працэсаў, якія адбываюцца ў Віцебску і па ўсёй вобласьці, але і ўплываць на іх.

Пасьля сустрэчы, якая доўжылася дзьве гадзіны, сябры БХД паведамілі карэспандэнту ВВ, што засталіся задаволеныя яе вынікамі, і тым, што Юры Дзяркач іх уважліва выслухаў і даў падрабязныя тлумачэньні адносна шэрагу ўзьнятых пытаньняў. Пасьля размовы актывісткі сталі лепш разумець падыходы ўпраўленьня аховы здароўя да арганізацыі дзейнасьці мэдычнай сфэры ў рэгіёне. Удалося абмеркаваць як справы асобных грамадзянаў, гэтак і грамадзка значныя, рэзанансныя праблемы, якія чыноўнікі розных узроўняў неаднаразова абяцалі вырашыць.

Як распавяла Тацяна Севярынец, для актывістак было важна даведацца, калі ў Білеве зьявяцца мэдычныя офісы для дзяцей і жанчын, бо на гэтае пытаньне, якое яны ставілі перад уладай раней, прыйшоў няўцямны адказ чыноўніка ніжэйшага рангу. Юры Дзяркач паабяцаў пасьля ўдакладненьня асабіста паведаміць, як вырашаецца гэтае пытаньне.

Тацяна Севярынец:

– Ішла размова і пра іншыя аб'екты мэдычнага прызначэньня. У прыватнасьці, размаўлялі пра гінэкалёгію на Хмяльніцкага, якая перабудоўваецца ня першы год. Праўда, канкрэтнага адказу пакуль не атрымалі.

Задаваліся таксама пытаньні, якія тычыліся канкрэтных грамадзянаў, а з досьведу ранейшых сустрэч мы ведаем, што калі задаём канкрэтныя пытаньні, то яны вырашаюцца.

Даведаліся, што першая гарадзкая клінічная больніца будзе адрамантаваная.

Я спадзяюся, што пытаньні, якія мы задавалі, пры ўдзеле Юрыя Дзеркача вырашацца, і нейкія зрухі будуць. Справа ў тым, што ў гіерархічнай сыстэме, якая існуе, ягоныя падначаленыя рэдка бяруць на сябе сьмеласьць дзейнічаць з уласнае ініцыятывы. Яны гэтага баяцца. Праўда, чыноўнік з нашым меркаваньнем не пагадзіўся.

Кажа Алена Шабуня:

– Узьнялі пытаньне вузкіх спэцыялістаў. Ягоны адказ нас задаволіў.

Былі пытаньні што да карнай псыхіятрыі. Ад адказу на пытаньні чыноўнік ухіліўся. Адно зь іх зьвязанае з выпадкам, калі чалавек не прасіў дапамогі, а яму яе навязвалі, прымусова зьмясьціўшы ў лякарню. Згадалі канкрэтны выпадак з грамадзянінам, які атрымаў даведку ў Віцебскім абласным клінічным цэнтры псыхіятрыі і наркалёгіі, што ён не стаіць у іх на ўліку. Даведкай ён не скарыстаўся – яна дзейнічае тры месяцы – і прыйшоў паўторна, але ў выдачы даведкі яму адмовілі і накіравалі на ўрачэбны прыём. Свае дзеяньні патлумачылі тым, што ў кампутары напісана, каб яму даведку не выдавалі.

Ішла размова і пра нэгатыўнае ўзьдзеяньне на здароўе чалавека павышанага шумавога фону, зьвязанага з гукавой рэклямай ў закрытых памяшканьнях, на транспарце і на вуліцы. Калі я еду на маршрутцы, я аплачваю свой праезд, але я не жадаю, каб мне нешта навязвалі, я хачу ехаць спакойна. У суседніх Польшчы ці Летуве ў грамадзкім транспарце ёсьць рэкляма, але безгукавая, яна высьвечваецца на экране.

Ірына Захарава ўзьняла пытаньне інфэкцыйнай лякарні. Летась яна пазнаёмілася з умовамі для хворых:

– Гэта нешта жахлівае. Усё старое, паламанае, бруднае. Суцэльная антысанітарыя. Даведаліся, што інфэкцыйная лякарня будзе пераносіцца. У Віцебскім гарадзкім клінічным шпіталі № 2 плянуецца адчыніць інфэкцыйнае аддзяленьне. Што тычыцца запаленьня лёгкіх, то цяпер яго будуць лекаваць у аддзяленьнях пульманалёгіі.

Паводле прадстаўніц БХД, яны зразумелі з размовы, што многія цяперашнія пераўтварэньні ў мэдычнай галіне выкліканыя аптымізацыяй, якая адбываецца з-за стану эканомікі. Падчас сустрэчы слова «аптымізацыя» прагучала з вуснаў чыноўніка ня раз. Але актывісткі спадзяюцца, што ад вымушаных пераўтварэньняў простым грамадзянам будзе хоць нейкая карысьць.

С. Горкі