Вяскоўцы мяркуюць, што адказныя чыноўнікі фармальна падыходзяць да добраўпарадкаваньня пашпартызаваных вайсковых пахаваньняў, а часьцяком грошы наўпрост раскрадаюцца.
Як пішуць у лісьце вымнянцы, на рэстаўрацыю вайсковага пахаваньня № 4452, што ў вёсцы Котава, у 2014 годзе было выдаткавана больш за 80 мільёнаў рублёў, але праз год спатрэбіўся новы рамонт. А рэч у тым, што папярэдні быў выкананы непрафэсійна, з матэрыялаў нізкай якасьці. Прамінула тры гады, аднак неабходныя работы на гэтым пахаваньні дасюль незавершаныя. Аднак калі б толькі праблема палягала ў якасьці! Да яе дадаецца элемэнтарная абыякавасьць выканаўцаў да захаваньня гістарычнай праўды: нанесеная на стэлу інфармацыя тычыцца толькі часткі пахаваных там вайскоўцаў.
Падобная сытуацыя склалася і на вайсковым пахаваньні № 4451, што ў Вымна. Там прозьвішчы салдатаў і афіцэраў, падпольшчыкаў і партызанаў нанесеныя на розныя прадметы, ад чаго губляецца відовішчнасьць: адны прозьвішчы разьмешчаныя на стэле, другія ля падножжа помніка, а трэція на тонкіх бляхах. Да таго ж некаторыя зь іх дрэнна чытаюцца.
Што тычыцца магілы Анатоля Ўглоўскага, то яна і наогул не адпавядае статусу Героя Савецкага Саюзу. Памылка закралася і ў гады ягонага жыцьця, пазначаныя на помніку.
Як мяркуюць аўтары ліста, сямі тысячаў рублёў, выдзеленых у 2017 годзе на добраўпарадкаваньне 14-ці вайсковых пахаваньняў, разьмешчаных на тэрыторыі сельскага савету, відавочна недастаткова. Паводле заяваў Івана Рымарова, старшыні Вымнянскага сельскага савету, грошы плянуецца выкарыстаць выключна на добраўпарадкаваньне вайсковага пахаваньня № 4458, што ў былой вёсцы Задзебра. Прапанову грамадзкасьці выдаткаваць частку сродкаў на рамонт магілы Анатоля Ўглоўскага і Варвары Арлоўскай зь дзецьмі ён не пачуў і адказаў на яе адмовай. Пасьля чаго ў людзей паўстала пытаньне: а ці ня мае намер мясцовае кіраўніцтва «пагрэць рукі» на гэтым далёкім ад людзкога вока пахаваньні?
Разумеючы, што ўсе вайсковыя мэмарыялы мусяць знаходзіцца ў годным стане, вымнянцы тым ня менш зьвяртаюць увагу на тыя пахаваньні, якія працуюць на імідж краіны і да якіх прыяжджаюць людзі з рэспублік былога Савецкага Саюзу. Таму лягічным было б найперш выдаткоўваць грошы на добраўпарадкаваньне мэмарыялаў у населеных пунктах, і найперш у Вымна як цэнтры сельскага савету. Чыноўнікі, аднак, думаюць інакш.
Пры канцы свайго доўгага ліста грамадзяне выказваюць просьбу арганізаваць праверку выкананьня мясцовымі кіраўнікамі ўказу № 109 «Пра ўшанаваньне памяці аб загінулых пры абароне Айчыны і захаваньні памяці пра ахвяраў войнаў» на тэрыторыі Вымнянскага сельскага савету.
Перш чым напісаць ліст, грамадзяне скардзіліся ў Віцебскі райвыканкам, але гэта не дало ніякага станоўчага плёну, таму і было прынятае рашэньне зьвярнуцца да Генэральнага пракурора.
С. Горкі