Панядзелак, 28 Студзень 2013

Апальнага віцебскага лекара працаўладкавалі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ігар Пастноў Ігар Пастноў

Лекар зь Віцебску Ігар Пастноў, які быў звольнены з ранейшай пасады пэдыятра па скарачэньні, як ён кажа — з-за крытыкі мясцовых уладаў, працаўладкаваўся псыхіятрам: «Пахадзіў я пахадзіў, спачатку прыйшоў зьдзеклівы адказ з абласнога ўпраўленьня аховы здароўя, маўляў, едзьце на раён, зьвярніце на біржу, мы дапаможам вам зь перасяленьнем. Я стаў на чаргу на біржы. Потым мне прыйшло прызначэньне лекарам-псыхіятарам у абласную больніцу. Сёньня першы дзень. Але гэта параноя ўлады. Мяне, лекара з 15-гадовым стажам лекара-пэдыятара, накіравалі працаваць па асноўнай маёй спэцыяльнасьці лекара-псыхіятара. У нас на ўчастках лекараў-пэдыятраў не хапае. А мяне не бяруць, кажуць — няма месцаў. Людзі па два ўчасткі вядуць, школы пустыя».

Ігар Пастноў адрэагаваў на заявы Лукашэнкі падчас наведваньня Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру нэўралёгіі і нэўрахірургіі: «Я пакуль ня ведаю, які ў мяне будзе заробак. Але, напэўна, у лекара-псыхіятра больш, бо тут за шкоднасьць. Як лекар-пэдыятар я атрымліваў 1 мільён 800 тысяч рублёў. Гэта ж насамрэч зьдзеклівыя заробкі. За такія заробкі лекары ня пойдуць працаваць. І наагул, нармальна працаваць за мільён 800 тысяч ніхто ня будзе. Пачаць трэба, канечне, з падвышэньня заробкаў. Санітаркі капейкі атрымліваюць. Як зь яе, беднай, спытаеш, калі яна капейкі атрымлівае?»

Паводле Пастнова, улада — прынамсі віцебская — вельмі мала займаецца мэдыцынай: «Толькі на словах усё гэта адбываецца. Рамонт інфэкцыйнай больніцы ідзе тры гады. У якіх умовах лекары працуюць? Магчыма,трэба скарачаць кіроўны апарат у мэдыцыне. Калі ўжо брацца за скарачэньне дзяржапарату, то трэба гэта чэсна разабраць і чэсна вырашыць».

Ігар Пастноў кажа, што лекары зьяжджаюць на працу ў Расею, прынамсі такіх многа сярод яго знаёмых: «Без праблем. У Расеі аклады нашмат вышэйшыя, даўно 500 даляраў і больш. І ня толькі на словах. Да таго ж там неяк прасьцей уся гэтая сыстэма».

Доктар зь Віцебску Ігар Пастноў напрыканцы мінулага году запісаў відэазварот і выклаў яго на YouTube. «Я хачу паказаць, наколькі бяспраўныя сёньня мы, мэдычныя работнікі. Мала таго, што атрымліваем капейкі, дык яшчэ з кожным з нас можна, як з сабакам, расправіцца. І наколькі галаслоўныя іх словы, што яны клапоцяцца пра дзяцей, пра пацыентаў, пра жыцьцё людзей», — сказаў тады Ігар Пастноў у сваім відэазвароце.

Радыё Свабода