Пятніца, 14 Люты 2014

Перанос месца прыпынку грамадзкага транспарту ля «Піраміды» – рэакцыя ўладаў на пікет апазыцыі?

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Віцебскія ўлады, якія ня першы год рупяцца пра тое, каб усяляк абмежаваць магчымасьці правядзеньня якіх-кольвек масавых акцыяў праціўнікамі дзеючага палітычнага рэжыму, здаецца, памыліліся, калі вызначалі месцы, забароненыя для пікетаў з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэньні кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў дэпутатаў. Акцыя апазыцыі ўсё-такі адбылася – пікет у самым цэнтры гораду! І пасьля гэтага, здаецца, чыноўнікі зрабілі аргвысновы…

Згодна з адпаведным рашэньнем Віцебскага гарвыканкаму, збор подпісаў быў забаронены амаль усюды ў цэнтры Віцебску, бо амаль усюды ў цэнтры менш за 50-100 мэтраў да аб’ектаў, якім гарвыканкам надаў асаблівы статус: ля іх нельга ладзіць перадвыбарныя акцыі. Сярод такіх аб’ектаў аўта- і чыгуначны вакзалы, паліклінікі і шпіталі, пракуратуры, суды, будынкі абл-, гар- і райвыканкамаў, музэй, ЗАГС, міліцыя, КДБ і чамусьці… «магазін №87 адкрытага акцыянэрнага таварыства “Веста” (вул. Леніна, 28)». Таксама было забаронена ладзіць збор подпісаў на прыпынках грамадзкага транспарту.

Але прыхільнікі апазыцыі ўсё ж знайшлі «астравок бясьпекі», які знаходзіцца хаця і ў цэнтры гораду, але больш як за 50 мэтраў ад усіх пералічаных у рашэньні гарвыканкаму аб’ектаў. Супольны пікет актывістаў кампаніі «Гавары праўду» і аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» па зборы подпісаў, які адбыўся 8 лютага ля гандлёвага цэнтру «Марка-сіці», стаў, бадай, першай за апошнія некалькі гадоў легальнай вулічнай акцыяй апазыцыі, праведзенай у цэнтры Віцебску. І прадстаўнікі гарвыканкаму, якія празь некаторы час пасьля пачатку імпрэзы прыбылі на месца падзеі – нягледзячы на тое, што быў выходны дзень, – нічога з гэтым не змаглі зрабіць.

Хаця перашкодзіць правядзеньню мерапрыемства яны ўсё ж паспрабавалі. Спачатку сталі высьвятляць, ці маюць тыя, хто зьбіраў подпісы, з сабою пашпарты. І калі ў некаторых пашпартоў не аказалася, абвясьцілі, што калі так – то і зьбіраць подпісы тыя ня маюць права. Потым увагу чыноўніц Віцебскага гарвыканкаму прыцягнуў стэнд «Гавары праўду» з інфармацыяй пра кампанію «Народны рэфэрэндум».

Намесьніца начальніка аддзелу ідэалёгіі Віцебскага гарвыканкаму Ірына Пучкова заявіла, што арганізатары акцыі нібыта парушаюць закон «Аб масавых мерапрыемствах», бо інфармацыя на стэндзе – гэта, маўляў, агітацыя, а час агітацыі ў выбарчай кампаніі яшчэ не надышоў. Каб пазьбегнуць нэгатыўных наступстваў для ўдзельнікаў імпрэзы, стэнд было рэкамэндавана прыбраць…

Дарэчы, на збор подпісаў кабеты з гарвыканкаму прыйшлі не адны, а ў суправаджэньні «сьвіты» – нейкіх маладых людзей спартовага выгляду (каб самім сябе адчуваць больш упэўнена, або дзеля застрашваньня ўдзельнікаў імпрэзы і ахвотных ставіць подпісы?) ды чалавека ў цывільным з камэрай, які здымаў усё, што адбываецца, на відэа (на ўсялякі выпадак?).
Тым ня менш збор подпісаў адбыўся. Ніхто затрыманы ня быў. А ў хуткім часе месьцічы заўважылі: прыпынак аўтобусаў і тралейбусаў «Плошча Свабоды» перанесьлі на сотню мэтраў бліжэй да «Марка-сіці». Такім чынам, цяпер месца «зачышчанае»: калі б пікет па зборы подпісаў, зладжаны «Гавары праўду» і БХД тыдзень таму, адбыўся сёньня, пікетоўцаў можна было б абвінаваціць у тым, што яны робяць акцыю ў неналежным месцы – «на прыпыначным пункце грамадзкага транспарту».

Зрэшты, збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў ужо завершаны. Але ж наперадзе пэрыяд агітацыі. Дый неўзабаве і прэзыдэнцкія выбары: там, найхутчэй, таксама будуць зьбіраць подпісы – за вылучэньне ўжо не ў мясцовыя саветы, а за альтэрнатыўных кандыдатаў на пасаду кіраўніка краіны…