Асноўнае патрабаваньне, якое высунулі галадоўнікі, – сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам.
У той самы дзень, калі была абвешчаная галадоўка, актывістак руху запрасілі на сустрэчу з кіраўніцай Адміністрацыі прэзыдэнта Натальляй Качанавай. Але галадоўніцы патрабуюць, каб на сустрэчы, якая прызначаная на 2 траўня, прысутнічалі таксама міністар унутраных справаў, кіраўнік Сьледчага камітэту, старшыня Вярхоўнага суду, генпракурор ды іншыя. Маці мяркуюць, што сустрэча з адной Качанавай ня будзе мець ніякай карысьці.
Віцебскія маці: Галадоўка можа пашырыцца на ўсю Беларусь
Тры прадстаўніцы “Матчынага Руху 328” зь Віцебску наведалі 28 красавіка галадоўнікаў у Пухавіцкім раёне і ў знак салідарнасьці на суткі адмовіліся ад ежы. Маці кажуць, што гэта толькі пачатак.
“Мы чакаем і настроены вельмі сур’ёзна. Чакаем, каб улада нас пачула. Так, патрабаваньні галадоўнікаў мы цалкам падтрымліваем. Галоўнае – сустрэча з прэзыдэнтам. А пакуль чакаем на меркаваную сустрэчу 2 траўня. Калі яна не адбудзецца ці пройдзе ня ў тым фармаце, які мы патрабуем, Віцебск таксама далучыцца да галадоўкі і акцыя пашырыцца на ўсю Беларусь”, – гаворыць каардынатарка руху па Віцебскай вобласьці Натальля Шарыпа.
“Лічу, што маці асуджаных на вялікія тэрміны па артыкуле 328 робяць усё слушна. Іншага выхаду ў нас няма, таму і пайшлі на такія скрайнія захады. Калі ў Віцебску пачнецца галадоўка – далучуся абавязкова. Будзем чакаць, надзея памірае апошняй. Я веру, што мы пераможам”, – кажа яшчэ адна ўдзельніца “Матчынага Руху 328” зь Віцебску Вольга Лявонцьева. Яе сын быў асуджаны па згаданым артыкуле на 10,5 гадоў.
Маці расказалі таксама, што становішча ў лягеры галадоўнікаў у Пухавіцкім раёне “амаль што баявое”. Над месцам, дзе праводзіцца акцыя, увесь дзень 28 красавіка лётаў дрон, а пасьля яго ў небе зьявіўся вайсковы верталёт. Удзельніцы галадоўкі мяркуюць, што гэтыя палёты невыпадковыя.
Чаго патрабуюць галадоўніцы
- Сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам.
- Стварэньне камісіі аб пераглядзе спраў паводле крымінальнага артыкула 328 пачынаючы з 2013 году.
- Зьмена заканадаўства адносна артыкула 328 Крымінальнага кодэксу.
- Амністыя асуджаных паводле артыкула 328.
Адмовілі ў правядзеньні пікета ў Віцебску
Нагадаем, што ў Віцебску працягваецца кампанія па зборы подпісаў за рэфармаваньне судовай сыстэмы і ўнясеньне зьменаў у арт. 328 КК РБ.
У межах кампаніі маці асуджаных наведваюць дэпутатаў, прадстаўнікоў выканаўчай улады і рыхтуюцца да круглага стала, які мае адбыцца ў траўні. Магчыма, акрамя ўладаў і прадстаўнікоў “Матчынага Руху”, удзел у ім возьме дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая.
Каардынатарка руху Натальля Шарыпа расказала таксама, што ўлады адмовілі ёй у правядзеньні з 21 да 25 красавіка пікетаваньня каля піраміды ў Віцебску, якое яна хацела зладзіць у мэтах збору подпісаў і вывучэньня грамадзкага меркаваньня. Прычыны адмовы – няправільна выбранае месца для пікету і адсутнасьць дамоваў з арганізацыямі, якія павінны абслугоўваць масавае мерапрыемства (міліцыя, мэдыкі, ЖКГ).
Ціск на актывістку?..
Натальля Шарыпа паведаміла, што ад пачатку кампаніі (з 13 сакавіка) яе сын, які адбывае 14-гадовы тэрмін у папраўчай калёніі №2, ужо 37 сутак правёў у штрафным ізалятары (за парушэньні формы адзеньня і распарадку дня). Хаця за два гады, які правёў у зьняволеньні, ніводнага разу да гэтага ў ШІЗА не трапляў.
Маці мяркуе, што гэта можа быць ціскам на яе як актывістку “Матчынага Руху 328”.
Зьміцер Міраш