У сярэдзіне сакавіка ў Віцебску пачаўся збор подпісаў за рэфармаваньне судовай сыстэмы і, у прыватнасьці, за ўнясеньне зьменаў у крымінальны артыкул 328. Бацькі і блізкія асуджаных гавораць пра несувымерна вялікія тэрміны, якія атрымалі абвінавачаныя (у сярэднім – 8 гадоў), а таксама пра шматлікія парушэньні падчас сьледчых і судовых працэсаў. У межах кампаніі па зборы подпісаў маці асуджаных наведваюць дэпутатаў і прадстаўнікоў гарадзкіх уладаў, каб прасіць падтрымкі і давесьці, што зьмены насьпелі.
Пётар Шэршань: Закон мусіць быць жорсткім
У кабінэце сэнатара Пятра Шэршня адна з актывістак кампаніі Натальля Шарыпа патлумачыла, што пытаньне зьменаў у арт. 328 – гэта пытаньне нацыянальнай бясьпекі.
“На сёньня больш за 15 тысяч маладых людзей ад 14 да 30 гадоў адбываюць у калёніях вялізныя тэрміны па гэтым артыкуле. Гэта амаль 40% ад колькасьці ўсіх асуджаных у Беларусі. І гэта ненармальна, калі 14-гадоваму падлетку даюць 14 гадоў турмы. Якімі яны ўсе вернуцца ў грамадзтва?.. Вы сябра Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бясьпецы. Таму мы і прыйшлі да вас…” – зьвярнулася да сэнатара Натальля Шарыпа.
Сэнатар Пётар Шэршань. Фота sb.by
“Я ў курсе. Наркотыкі – гэта страшна. Але закон мусіць быць жорсткім! Я разумею, што вы зь ліку тых, хто пацярпеў ад крымінальнага перасьледу. Але тое, што тычыцца ў цэлым наркаманіі, з гэтым трэба змагацца, і вельмі жорстка змагацца. Калі гэта людзі, якія зьяўляюцца кур’ерамі і разносяць гэтую заразу, іх трэба саджаць у турму”, – адказаў Пётар Шэршань.
Натальля Шарыпа: Гэта спэкуляцыя – гаварыць пра сьмерці…
Маці спрабавалі давесьці сэнатару, што іх дзеці пацярпелі не праз “кур’ерства” і што для беларускіх сьледчых простая перадача прыпаленай цыгарэты з рук у рукі ўжо зьяўляецца распаўсюдам. Прысуды за такія дзеяньні – неадэкватна жорсткія.
“Тады ўзьнікае іншае пытаньне. Бо з аднаго боку знаходзяцца бацькі тых, каго пасадзілі за наркотыкі, а з другога боку барыкад – тыя, чые дзеці памерлі праз ужываньне наркотыкаў”, – зазначыў Шэршань.
“А вось гэтым спэкуляваць нельга! – адрэагавала Натальля Шарыпа. – Бо, паводле статыстыкі, у стане алькагольнага ап’яненьня было зьдзейсьнена летась 16 тыс. злачынстваў – у 13 разоў больш, чым у стане наркатычнага ап’яненьня. І палова зь іх – са сьмяротным канцом. Так што калі будзем казаць пра колькасьць памерлых, то давайце і пра алькаголь гаварыць, і пра сьмерці ў ДТП. Гэта спэкуляцыя…”
“Не магу падтрымаць Канапацкую”
Калі сэнатар узгадаў, што “цяпер у нашай дзяржаве ёсьць магчымасьць абскарджваць прысуды” і што ў некаторых жыцьцёвых сытуацыях трэба проста зьвяртацца да адвакатаў, маці расьсьмяяліся.
Ужо напрыканцы прыёму Пётар Шэршань згадзіўся, што саджаць 14-гадовых дзяцей у турму на вялікія тэрміны – “гэта нешта ня тое”. “Тут ёсьць пытаньні. Трэба глядзець у заканадаўстве, каб вызначалася мера адказнасьці ў залежнасьці ад цяжкасьці злачынства”, – дадаў.
Паабяцаў таксама ўважліва азнаёміцца з праектам зьменаў, які перадалі яму падчас сустрэчы маці асуджаных. Але прызнаўся, што ня мае магчымасьці падтрымаць дэпутатку Ганну Канапацкую, якая абяцала ўнесьці праект прапановаў у парлямэнт ужо падчас вясновай сэсіі. “Я не магу яе падтрымаць, таму што мы ў розных Палатах. Да нас прыходзяць ужо ўхваленыя законы”, – сказаў Пётар Шэршань.
Сэнатар: У мяне ў сям’і тры пракуроры
Прызнаўся, што вельмі пільна адсочвае тое, што адбываецца ў крымінальнай сфэры.
“У мяне ў сям’і чатыры юрысты, каб вы ведалі. І тры чалавекі працуюць у пракуратуры, і ў раённай, і ў абласной. Таму я трохі ў трэндзе. І калі гаворка пра тое, каб зрабіць законы больш жорсткімі, то я – за. Але разглядаць трэба паводле меры таго, што чалавек зьдзейсьніў, тут я з вамі згодны”, – падсумаваў сэнатар.
Пасьля сустрэчы адна з маці прызналася “Віцебскай вясьне”, што не задаволеная размовай: “Мне падалося, што сэнатар нас ня чуў. Што ён не пачуў пра тыя грамы, за якія людзі атрымліваюць па 8-10 гадоў і больш. Увесь час казаў пра нейкія кіляграмы і тоны. У мяне ў сына знайшлі 0,7 грама, і за гэта яму далі 10,5 гадоў. Хіба гэта нармальна?..”
Мяркуюць зладзіць круглы стол і пікет у Віцебску
Каардынатарка кампаніі па зборы подпісаў у Віцебску за рэфармаваньне судовай сыстэмы Натальля Шарыпа расказала, што раней маці асуджаных пабывалі на прыёме ў яшчэ аднаго сэнатара – Анатоля Шчаснага (рэктар мэдунівэрсытэту). У красавіку запісаліся на прыём да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Тацяны Старынскай і Сяргея Занько.
На пачатку траўня актывісткі кампаніі мяркуюць зладзіць у Віцебску круглы стол з удзелам дэпутаткі Ганна Канапацкай, прадстаўнікоў улады і сілавых ведамстваў (УУС, СК, пракуратура, дэпартамэнт выкананьня пакараньняў). Папярэдняя згода на ўдзел ужо атрыманая ад намесьніка старшыні Віцебскага гарвыканкаму Пятра Падгурскага.
Натальля Шарыпа паведаміла таксама, што падала ў адміністрацыю Кастрычніцкага раёну Віцебску заяўку на правядзеньне пікету з мэтай збору подпісаў за рэформу судовай сыстэмы.
Плянуе зладзіць пікет на пляцоўцы каля піраміды ў цэнтры Віцебску. Але дазвол на правядзеньне масавага мерапрыемства пакуль не атрымала.
Збор подпісаў працягваецца.
Зьміцер Міраш, фота аўтара