Чацвер, 03 Май 2018

Віцебскія “Маці 328” адклалі пачатак галадоўкі – зь меркаваньняў бясьпекі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Натальля Шарыпа Натальля Шарыпа

Віцяблянкі меркавалі далучыцца да галадоўкі-328 трэцяга траўня. Але зьмянілі рашэньне ў апошні момант, калі на падыходзе да будынку Віцебскага гарвыканкаму сутыкнуліся зь не чаканай для іх пільнай увагай з боку людзей у цывільным адзеньні.

Нагадаем, актывісткі “Матчынага Руху 328” ужо сёмы дзень галадаюць у вёсцы Востраў Пухавіцкага раёну і ў Калінкавічах Гомельскай вобласьці, дамагаючыся сустрэчы з Лукашэнкам і амністыі для асуджаных паводле арт. 328 КК РБ. Трэцяга траўня далучыцца да галадоўкі меліся дзьве жыхаркі Віцебску.

Адна з жанчын, каардынатарка “Матчынага Руху 328” па Віцебскай вобласьці Натальля Шарыпа, расказала, што 3 траўня яны хацелі аднесьці афіцыйныя заявы аб пачатку галадоўкі ў Віцебскі гарвыканкам, але яшчэ на падыходзе да будынку патрапілі ў аблогу падазроных асобаў зь відэакамэрамі.

“Аказалася, што нас ужо чакаюць нейкія асобы падазронай зьнешнасьці, здымаюць нас на відэакамэры і фатаграфуюць з розных бакоў. Іх было чалавек восем, а прадстаўнікоў праваахоўных органаў паблізу не было – і мы адчулі пэўную небясьпеку. Каб пазьбегнуць магчымай правакацыі, вырашылі сёньня ніякіх крокаў не рабіць. Сытуацыя для нас была вельмі нечаканая”, – расказала Натальля Шарыпа.

Натальля не выключае, што яе тэлефон праслухоўваецца “кампэтэнтнымі органамі”, а за ёй самой цікуюць яшчэ з сакавіка 2018 году , калі “Матчын Рух 328” абвясьціў у Віцебску кампанію па зборы подпісаў за рэфармаваньне судовай сыстэмы.

“Адчуўшы небясьпеку, а таксама зважаючы на тое, што заўтра, 4 траўня, мае адбыцца сустрэча прадстаўніц “Матчынага руху” з генпракурорам Беларусі, мы вырашылі адкласьці пачатак галадоўкі. Пачакаем, якія вынікі будуць заўтра”, – патлумачыла Натальля.

Па словах Натальлі, трымаць галадоўку ў Віцебску гатовыя як мінімум дзьве віцяблянкі, ім будуць дапамагаць маці з групы падтрымкі.

Зьміцер Міраш