Чацвер, 28 Ліпень 2016

У Шаркоўшчынскім раёне адкрылі памятны знак у гонар габрэяў, масава расстраляных у гады Другой сусьветнай вайны

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
У Шаркоўшчынскім раёне адкрылі памятны знак у гонар габрэяў, масава расстраляных у гады Другой сусьветнай вайны Фота: klich.by

У аграгарадку Радзюкі (Шаркоўшчынскі раён) ушанавалі памяць мірных габрэяў, якія былі расстраляныя недалёка ад вёскі, на беразе ракі Гнілухі 18 чэрвеня 1942 года. У той дзень карныя атрады СС зьнішчылі больш за 500 чалавек. Менавіта ў памяць пра іх у аграгарадку адкрылі памятны знак.

Сам памятны знак – гэта агульная гранітная пліта, якая ўшанавала імёны людзей, расстраляных толькі за тое, што яны габрэі. Дакладную інфармацыю наконт загінулых зьбіралі жыхары раёну.

Урачыстая цырымонія адкрыцьця сабрала мясцовае насельніцтва, жыхароў раёну, прадстаўнікоў улады. Сярод гасьцей прысутнічалі таксама дзьве сям'і, якія прыехалі здалёк – Дыяна і Майкл Лазарусы, Джоні і Даглас Клетэры. Дзякуючы гэтым людзям памятны знак і зьявіўся ў Радзюках – менавіта яны цягам ужо дзесятка гадоў вядуць супрацу з габрэйскімі грамадамі нашай краіны, трацяць свае грошы і зьбіраюць добраахвотныя ахвяраваньні на тое, каб усе мясьціны, дзе пахаваныя габрэі, што загінулі ў гады Галакосту, знаходзіліся ў належным стане.

На сёньня ў Беларусі ўсталяваны ўжо 91 памятны знак. Аднак праца ў краіне будзе весьціся і далей, пакуль усе мясьціны, дзе спачываюць расстраляныя мірныя жыхары, не пазначаць помнікамі.

У межах жалобнага мітынгу адбылося ўскладаньне кветак да помніку загінуламу мірнаму насельніцтву і прачытаньне памінальнай малітвы аб ахвярах фашызму.

Замежных гасьцей і прадстаўнікоў ГА «Саюз беларускіх габрэйскіх грамадзкіх аб'яднаньняў і грамадаў», якія прысутнічалі на мерапрыемстве, азнаёмілі з культурай рэгіёну, яго традыцыямі.

Пасьля цырымоніі адкрыцьця ў Радзюках госьці рушылі ў аграгарадок Лужкі, дзе памяць мірных габрэяў, зьнішчаных у ваенныя гады, таксама ўшанаваная памятным знакам. Тут для гасьцей правялі цікавую экскурсію, зь якой яны змаглі даведацца шмат унікальных фактаў пра гісторыю вёскі.