На Віцебшчыне затрымалі трох святароў
У грэка-каталіцкага святара Аляксандра Шаўцова правялі ператрус у межах крымінальнай справы "пра экстрэмізм" . Па гэтай самай справе сілавікі ладзяць ператрусы на Полаччыне ўжо трэці дзень запар. Сутнасць справы не вядомая, і найбольш падобна, што яна распачатая супраць неакрэсленай колькасці асобаў, каб мець падставы для неабмежаванай колькасці ператрусаў. У айца Аляксандра забралі з дому ўсю аргтэхніку.
Ізноў затрыманні на «Нафтане»
Работнікаў найбуйнейшага наваполацкага прыдпрыемства Віктара Кавалеўскага, Вадзіма Уласава, Валерыя Леснікова і Юрыя Гайчанку затрымалі за «распаўсюд экстрэмізму» - за каментары, лайкі і падпіскі на так званыя экстрэмісцкія інтэрнэт- рэсурсы. Паводле спісу МУС, у пералік «экстрэмісцкіх» рэсурсаў унесены чатыры тэлеграм-каналы, створаныя па ініцыятыве работнікаў і прысвечаныя падзеям на «Нафтане», і старонка ў Instagram, прысвечаная працы страйкаму.
Сталі вядомыя наступствы ўчорашніх затрыманняў у Наваполацку: штрафы і «суткі»
Суддзя Наваполацкага гарадскога суду Зінаіда Балаболава пастанавіла пакараць некалькі чалавек па так званых «палітычных» адміністрацыйных справах. Не ўсе артыкулы, згодна з якімі людзей прызналі вінаватымі, вядомыя дакладна. Але «стаханаўская» праца Зінаіды Балаболавай уражвае: цягам усяго дня яна судзіла затрыманых учора навапалачанаў, у тым ліку супрацоўнікаў Полацкага дзяржаўнага ўніверстэта. Сярод асуджаных - 73-гадовая кандыдатка тэхнічных навукі, дацэнтка кафедры геадэзіі і геаінфармацыйных сістэм Галіна Шараглазава. Паводле судовай пастановы, жанчыне сталага веку давядзецца 10 сутак правесці за кратамі. Артыкул, паводле якога пакаралі спадарыню, пакуль не вядомы.
Выкладчыцу полацкага ўніверсітэта Алену Храмцову асудзілі на 10 сутак
Наваполацкі гарадскі суд прызнаў жанчыну вінаватай у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў – за падпіску на тэлеграм-канал «Беларусь галаўнога мозга». Учора, 23 траўня дома ў Алены Храмцовай правялі ператрус у межах крымінальнай справы і забралі ўсё аргтэхніку. Падчас размовы ў міліцыі высветлілася, што выкладчыца ПДУ мае статус сведкі ў справе, распачатай следчым камітэтам «за экстрэмізм». Пакуль вядома, што адбываць арышт яна будзе ў наваполацкім ЦІПе (Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў).
Віцебскі абласны суд адмяніў 30 сутак Валянціне Болбат
22 траўня Віцебскі абласны суд адмяніў рашэнне Суда Верхнядзвінскага раёна адносна грамадскай актывісткі Валянціны Болбат. Рашэнне прыняла суддзя Святлана Іванова. Але будзе новы суд і перагляд справы.