Святар апынуўся за кратамі 25 траўня пасля ператрусу, падчас якога ў айца Аляксандра забралі ўсё аргтэхніку. На наступны дзень Аляксандра Шаўцова пакаралі арыштам за «лайкі» і рэпосты матэрыялаў незалежных СМІ у сацыяльнай сетцы «Вконтакте».
Віцебскі абласны суд, куды полацкі святар звярнуўся з апеляцыйный скаргай, адмовіў у яе задавальненні. На думку суддзі Івановай, суд Полацка і Полацкага раёна справядліва расцаніў дзеянні Шаўцова як захоўванне і распаўсюд інфармацыі, змест якой "накіраваны на дэстабілізацыю грамадска-палітычнай абстаноўкі ў грамадстве і дзяржаве, распальванне сацыяльнай варожасці паміж рознымі сацыяльнымі групамі." Пры гэтым суддзя абласнога суду заўважыла, што суд першай інстанцыі паставіўся да Аляксандра Шаўцова вельмі гуманна, улічыўшы наяўнасць у «правапарушальніка» малалетняга дзіцяці. І таму пастанавіў арыштаваць яго толькі на 15 сутак.
На гэтым «гуманнасць» полацкага суду скончылася. Падчас адбыцця пакарання сілавікі знайшлі падставы для складання яшчэ двух пратаколаў на грэка-каталіцкага святара – зноўку за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама за нібыта «несанкцыянаванае пікетаванне ў інтэрнэце». І Аляксандр Шаўцоў быў пакараны яшчэ 30-цю суткамі арышту, які ён адбываў у полацкім ІЧУ.
Міхась Хмара