Віцебскі абласны суд 21 лістапада прызнаў прафсаюзнага актывіста з Полацку Віктара Стукава вінаватым у перашкодзе дзейнасьці вэтэранскай арганізацыі ААТ «Полацак-Шкловалакно». Судзьдзя Ірына Смалякова, аднаасобна разгледзеўшы скаргу актывіста, вырашыла пакінуць ранейшую пастанову Полацкага суду ў сіле. Прафсаюзьнік павінен выплаціць штраф у 7 базавых на працягу месяца.

Савет вэтэранаў вайны і працы ААТ «Полацак-Шкловалакно» абвінаваціў актывіста СПБ Віктара Стукава, што той перашкаджаў дзейнасьці арганізацыі. Актывіст даводзіў у судзе, што прыйшоў туды па сямейным пытаньні, а «перашкодзіў» тым, што папрасіў кнігу заўваг і прапаноў.

Незалежны журналіст Зьміцер Лупач абскарджваў у Віцебскім абласным судзе рашэньне суду Браслаўскага раёну. Разгляд скаргі адбыўся 10 кастрычніка. Вынік разгляду: пастанова райсуду пра штраф у 36 базавых велічыняў (882 рублі) за парушэньне артыкулу 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ) пакінутая бязь зьменаў.

10 кастрычніка ў Віцебскім абласным судзе разглядалася касацыйная скарга сяброўкі аргкамітэту «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» Алены Янушкоўскай. Актывістка аспрэчвала рашэньне суду Віцебскага раёну, які 5 верасьня аштрафаваў яе на 12 базавых велічыняў (294 рублі) за ўдзел у недазволеным уладамі пікеце.

Савет вэтэранаў вайны і працы ААТ «Полацак-Шкловалакно» абвінаваціў актывіста Свабоднага прафсаюзу прадпрыемства Віктара Стукава ў перашкодзе дзейнасьці вэтэранскай арганізацыі. У выніку ўчастковы інспэктар склаў на яго два адміністрацыйныя пратаколы за дробнае хуліганства (артыкул 17.1 КаАП). Суд прызначаны на 16 кастрычніка.