Чацвер, 16 Май 2019

У хуткасным рэжыме. Абласны суд пакінуў скаргі Зьмітра Лупача без задавальненьня

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Зьміцер Лупач Зьміцер Лупач

Паўтары хвіліны спатрэбілася судзьдзі Віцебскага абласнога суду Сьвятлане Івановай, каб разгледзець скаргі журналіста-фрылянсэра Зьмітра Лупача на рашэньні Глыбоцкага і Шаркоўшчынскага судоў. Судзьдзя пастанавіла пакінуць скаргі без задавальненьня.

На судовае паседжаньне, што прайшло 15 траўня, глыбоцкі журналіст прыехаць ня змог, таму скаргі разглядаліся безь яго і ў хуткасным рэжыме. Судзьдзя толькі зачытала артыкулы, паводле якіх глыбачанін быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасьці, і агучыла свае рашэньні. Пры гэтым нават не палічыла неабходным назваць сваё імя і прозьвішча.

Нагадаем, Шаркоўшчынскі суд (судзьдзя Аксана Табола) 15 красавіка прызнаў журналіста-фрылянсэра вінаватым у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ (ч. 2 арт. 22.9 КаАП). Лупач быў аштрафаваны на 35 базавых велічынь за сюжэт, паказаны на тэлеканале “Белсат” “Як жыве сёньня самы бедны раён краіны”.

Акрамя таго, 11 красавіка Зьміцер Лупач быў пакараны штрафам у 40 базавых велічынь судзьдзём глыбоцкага суду Станіславам Трапуком – паводле двух артыкулаў. За пікетаваньне зь бел-чырвона-белым сьцягам (ч.1 арт. 23.34 КаАП) на БНР-101 ён атрымаў 10 базавых, а за правапарушэньне паводле ўсё таго ж арт. 22.9 КаАП (Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ) – 36 базавых велічынь. Шляхам накладаньня штрафаў судзьдзя Трапук наклаў на фрылянсэра штраф у памеры 40 б.в.

Зьміцер Лупач: Гэта судовы канвэер…

“Сёньня Віцебскі абласны суд разгледзеў дзьве мае касацыйныя скаргі і пакінуў рашэньні судоў бязь зьменаў. На іншае я і не спадзяваўся, бо гэты судовы канвэер працуе ў дачыненьні да мяне ня першы год. У раённых судах я зьвяртаў увагу судзьдзяў на парушэньні з боку міліцыянтаў пры складаньні пратаколаў. Судзьдзі адказвалі, што зробяць ім пісьмовыя заўвагі, тым не менш мяне асудзілі”, – пракамэнтаваў рашэньне абласнога суду Зьміцер Лупач.

Распавёў, што даводзіў абодвум судам, што ён зарэгістраваны прадпрымальнікам  і можа здымаць на відэа ўсё, што не забаронена законам (від дзейнасьці – здымкі відэа), за гэта плаціць падаткі.

“Акрамя таго, суды парушаюць маё канстытуцыйнае права на збор і распаўсюд інфармацыі”, – дадаў журналіст.

Пасьля судовага паседжаньня невядомы грамадзянін, скарга якога таксама разглядалася ў гэты ж дзень і ў той самай залі, падышоў да карэспандэнта “Віцебскай вясны” і папрасіў перадаць словы падтрымкі Зьмітру Лупачу і ўсім журналістам тэлеканала. Сказаў, што зьяўляецца даўнім падпісчыкам “Белсату” і што сьмелыя журналісты робяць важную і карысную працу.

Уладзімер Бяляўскі