Жыхароў вобласці паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП судзяць у Чашніцкім, Докшыцкім і Віцебскім раёнах, а таксама ў судах Кастрычніцкага і Першамайскага раёнаў Віцебска. Такія звесткі пазначаны ў судовых раскладах. Але інфармацыя пра суды па гэтым артыкуле можа быць няпоўнай, бо іх часта не ўключаюць у расклад. Распавядаем, што вядома пра людзей, якіх гэтымі днямі судзяць за падпіскі, рэпосты і "лайкі". 

У гэты аўторак у судзе горада Наваполацка разбіралі ажно 5 "экстрэмісцкіх" справаў па ч.2 арт. 19.11 КаАП. Судзіць «распаўсюднікаў экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі» па даўняй завядзёнцы прызначылі Зінаіду Балаболаву. Гэтая суддзя ўжо не першы год разбірае «палітычныя» адміністрацыйныя справы, і хіба толькі вялікім досведам можна патлумачыць тое, што на судовы разбор кожнай з пяці справаў Балаболава патраціла ўсяго ад 15 да 30 хвілін.