Чацвер, 15 Жнівень 2024

Жыхару Віцебска прысудзілі два гады калоніі за абразу Аляксандра Лукашэнкі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Ерванд Марцірасян, 50-гадовы жыхар Віцебска, прызнаны вінаватым у публічнай абразе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь паводле часткі 1 артыкула 368 КК Рэспублікі Беларусь. Яго справу у судзе Кастрычніцкага раёна разбірала суддзя Святлана Кузмічонак. 8 жніўня быў агучаны вырак: мужчына асуджаны да пазбаўлення волі на тэрмін 2 гады з адбываннем прызначанага пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Паводле інфармацыі Віцебскай абласной пракуратуры, Марцірасян падчас судовага следства сваю віну прызнаў у поўным аб'ёме. Ен патлумачыў, што ў стане алкагольнага ап'янення, знаходзячыся ў службовым аўтамабілі, у прысутнасці супрацоўнікаў аддзела Дэпартамента аховы, неаднаразова негатыўна выказаўся на адрас Аляксандра Лукашэнкі, і гэтыя выказванні мелі абразлівы характар.

Нагадаем, што ў той самы дзень, 8 жніўня, за абразы Аляксандра Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады быў асуджаны наваполацкі музыка Дзмітрый Шалак. Суддзя суда г. Наваполацка пакарала яго трыма з паловай гадамі пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штрафам у памеры 200 базавых велічыняў (8 тысяч рублёў).

Віктар Любецкі