Свой тэкст ідэолаг чакана пачаў з ухвалення Аляксандра Лукашэнкі і ягонага віншавання, адрасаванага беларускім школьнікам і студэнтам, якія «готовятся завтра взять на себя ответственность за наше Отечество». Гэтым казённым фармулёўкам Святаслаў Міхаўлаў вырашыў супрацьпаставіць словы Ціханоўскай пра тое, што дзяцей варта навучаць «как сохранять сострадание, когда другие теряют надежду, как быть сильными, когда трудности кажутся непреодолимыми». Ідэолаг хоча пераканаць чытачоў, што такімі словамі Святлана Ціханоўская заклікае кагосьці «и дальше ныть в беспросветном болоте западных ценностей, клянчить у стран НАТО очередные санкции против Беларуси, а самим сидеть без денег, работы, перспективы, но с огромным чувством собственного достоинства».
Віншаванне Ціханоўскай ідэолаг здзекліва называе «плачам Георгіеўны», а яе саму - «главноубегуньей» і «матерью беглых». Сябе ж ён лічыць «историком по образованию, патриотом по убеждениям, аналитиком по профессии»... Зрэшты, кім бы не лічыў сябе чалавек, якому дзяржаўная газета дае магчымасць абражаць палітычных апанентаў, для чытачоў ягоны артыкул мае пэўную карысць. Параўнаць два віншаванні з Днём ведаў могуць і яны.
Святаслаў Міхайлаў распачаў свой праект «Свята место» каля месяца таму. Спачатку гэта былі не толькі артыкулы ў абласной газеце, але і відэаролікі на Youtube-канале «Витебских вестей». Ягоны аповед пра віншаванні з Днём ведаў існуе толькі ў тэкставым варыянце. Магчыма, «эра відэа» для ідэолага скончылася, бо ягоныя відэаролікі набіраюць яшчэ меней праглядаў, чым тэксты на сайце дзяржаўнай газеты.
Аляксандр Падзвінскі