Аўторак, 08 Кастрычнік 2024

Затрыманы ксёндз Юры Бараўнёў з Крулеўшчыны

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Пробашча парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Крулеўшчыне, ксяндза-каноніка Юрыя Бараўнёва затрымалі 7 кастрычніка. Яго вінавацяць за нібыта «захоўванне «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч.2 арт. 19.11 КаАП РБ). Пакуль прозвішчы святара ў раскладзе Докшыцкага раённага суда няма, між тым як затрыманага маюць або асудзіць на працягу 72 гадзін, або вызваліць.

У пачатку 2000-х святар Юрый Бараўнёў дапамагаў у адбудове касцёла ў Крулеўшчыне. У лютым 2016г. за аднаўленне і ўпарадкаванне пахаванняў польскіх салдат часоў польска-савецкай вайны 1919-1920 гг. ён быў уганараваны медалём «Pro Memoria», які святару ўручылі прадстаўнікі польскага дыпламатычнага корпуса. У сваёй парафіі ён мае вялікі аўтарытэт у вернікаў.

Віцебская вобласць з'яўляецца «лідарам» па затрыманнях каталіцкіх святароў, піша партал «Хрысціянская візія». Усяго з 2020 года праз адміністрацыйныя арышты прайшоў 31 ксёндз — з іх 13 з Віцебскай дыяцэзіі. Дагэтуль за кратамі трымаюць айца Анджэя Юхневіча ОМІ з Шуміліна, якога затрымалі сёлета 8 траўня. Спачатку яго некалькі разоў судзілі па адміністрацыйных артыкулах, потым прад'явілі крымінальнае абвінавачанне і перавялі ў віцебскі СІЗА-2. У чым менавіта вінавацяць святара, дагэтуль не вядома. Але ёсць інфармацыя, што на яго ціснуць, пагражаючы фэйкавымі абвінавачваннямі ў злачынствах супраць сэксуальнай недатыкальнасці непаўнагадовых.

Ларыса Горына