Чацвер, 19 Верасень 2024

Telegram-канал «Книга guBAZA» распавёў пра «хапун» у Глыбокім

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Затрыманні адбыліся напрыканцы мінулага тыдня і працягваліся некалькі дзён. Па звестках землякоў, затрымана 12 чалавек, у тым ліку краязнаўца і даўні грамадскі актывіст Павел Лаўрыновіч. Частку затрыманых адразу адвезлі ў Віцебскі следчы ізалятар. Ім інкрымінуюць арт. 342 КК (арганізацыя, падрыхтоўка або ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

У відэароліку, размешчаным на Telegram-канале «guBAZA» і прадубляваным на Telegram-канале «Северная столица», блізкім да віцебскіх сілавікоў, выкарыстаны фрагменты відэазапісаў з марша пратэсту ў Глыбокім, што адбыўся 16 жніўня 2020г. Гэта быў самы масавы марш у райцэнтры, калі ўдзельнікі сышлі з ходнікаў на праездную частку. У відэароліку трое глыбачан прызнаюцца, што насамрэч былі ўдзельнікамі таго шэсця.

Таксама «відэапрадукцыя» аўтараў Telegram-канала ўтрымлівае кадры жорсткіх затрыманняў некалькіх мужчын. Сцэны гвалту суправаджаюцца песняй:

Разгоняем шапито, мы проводим АТО.

Уши прячут террористы,

вяло мямлят экстремисты.

Поумерь-ка свой вокал, не уедешь на подвал.

Двух мужчын узброеныя сілавікі ў камуфляжнай форме кладуць на асфальт на вуліцы, яшчэ аднаго міліцэйскі відэааператар здымае ляжачым на падлозе. Пазней, у «пакаяльным відэа» адзін з затрыманых зняты з пашкоджанай рукой у гіпсе.

«Зачистили самых рьяных радикалов, которые по ночам ломали скамейки и плитку, а днём ходили с цветами,— гаворыцца ў допісе пад пагрозлівым назовам «Массовая очистка от экстремизма в Глубоком. Часть 1. -- Очистка северного региона только начинается и благодаря силовикам вся бчб-нечисть, засевшая даже в гос. учреждениях, будет полностью выведена».


Ларыса Якаўлева