Са словаў абвінавачаных стала вядома, што знаходзячыся каля гандлёвага дому ў Полацку, яны прапаноўвалі мінакам паразмаўляць і азнаёміцца зь літаратурай. У гэты час да іх падыйшла жанчына, якая прадставілася адміністратарам гандлёвага дому, і папрасіла адысьці далей ад будынку. Крышнаіты выканалі просьбу, але празь некаторы час былі затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі.
Пратрымаўшы беспадстаўна іх каля шасьці гадзінаў, не патлумачыўшы прычыны затрыманьня, іх правы і абавязкі, міліцыя прад’явіла ім абвінавачаньні ў “дробным хуліганстве”, у тым ліку за нецэнзурную лаянку ў публічным месцы. Пасьля складаньня пратаколаў на падставе заявы адміністрацыі гандлёвага дому сяброў крышнаіцкай суполкі адпусьцілі, а справы накіравалі ў суды па месцы іх рэгістрацыі – у Менск ды Воршу.
Трэба адзначыць, што нецэнзурная лаянка пярэчыць рэлігійным перакананьням крышнаітаў, як і абразьлівае прыставаньне да грамадзянаў і іншыя наўмысныя дзеяньні, якія парушаюць грамадзкі парадак.
Паводле spring96.org