З Мёраў паведамляюць, што затрыманні і ператрусы праводзяць сілавікі з Віцебску. Тыдзень таму падобная карціна назіралася ў Паставах: супрацоўнікі ГУБАЗіК з абласнога цэнтру ладзілі ператрусы ў мясцовых актывістаў. З ператрусамі прыйшлі да 11 чалавек. Пяцёх пастаўчан затрымалі – гэта Юры Дзіковіч, Уладзімір Лашчотка, Сяргей Ляўко, Людміла Цыбульская і Дзяніс Цыбульскі. Траіх апошніх губазікаўцы забралі ў Менск.
Што да Юрыя Дзіковіча, то падчас пратэстаў 2020 г. ён быў сярод актывістаў, якія намагаліся сустрэцца з кіраўніком Пастаўскага райвыканкаму. У пачатку 2021 г. ў Дзіковіча быў ператрус. Яго вінавацілі ў абразе міліцыянтаў за каментар у Telegram. Мужчыну быў забаронены выезд з Беларусі, але яму ўдалося выехаць у Еўропу, а нядаўна ён вярнуўся.
Хто з жыхароў Паставаў, у каго прайшлі ператрусы, застаўся на волі, застаецца невядомым - родныя ўстрымліваюцца ад каментароў.
Міхась Хмара