«Жыхар Полацку Анатоль Каханчык быў затрыманы, калі прыйшоў па позве ў міліцыю. Па папярэдняй інфармацыі, ён трымае сухую галадоўку», – паведамляюць праваабаронцы. Раней мужчыне пагражалі крымінальнай справай, калі ён не перафарбуе сваю хату ў нейтральныя колеры.
У 2020 годзе Анатоль Каханчык пафарбаваў бацькоўскую хату ў вёсцы Алёшча Полацкага раёну ў нацыянальныя колеры: намаляваў на сценах дзве белыя і чырвоную палосы, а ў акне павесіў Пагоню. За такую расфарбоўку ў лютым 2021 году Каханчыка прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці (на той момант – арт. 23.34 КаАП) і асудзілі на 7 сутак. У лістападзе яго зноў судзілі і прызналі вінаватым у распаўсюдзе экстрэмісцкай інфармацыі (арт. 19.11 КаАП) - пакаралі за гэта 15 суткамі адміністрацыйнага арышту.
Калі адбываў арышт, следчыя прыгразілі яму крымінальнай справай, калі не перафарбуе дом. «Мяне выклікалі, калі я сядзеў, да следчага. Следчы паказаў мне стос папер, сказаў, што рыхтуецца супраць мяне крымінальная справа за злоснае хуліганства, калі я не перафарбую сваю хату. Я сказаў, што ледзь толькі вы распачняце крымінальную справу або адміністратыўную, я ў той самы дзень і ў тую самую гадзіну пішу заяву на сухую галадоўку», – расказваў Анатоль Каханчык.
Янка Прас