Віталь Скрыль быў затрыманы 8 ліпеня. У гэты ж дзень у іншых віцебскіх журналістаў адбыліся ператрусы з адабраннем лічбавай тэхнікі. Супрацоўнікі сілавых структур прыходзілі дадому да журналістаў-фрылансераў Змітра Казакевіча, Вячаслава Лазарава, Уладзіміра Лунёва.
Крымінальная справа, па якой затрымліваўся Віталь Скрыль, была заведзеная ў дачыненні «нявызначанай асобы» за абразлівы каментар у сацсетках. Віталь Скрыль мае зараз статус падазраванага. Можа ў любы момант быць выкліканы ў СК для правядзення следчых дзеянняў. Падпіскі аб нявыездзе з яго не ўзялі. Віталь не выключае, што гэта зроблена спецыяльна, каб прымусіць яго выехаць за межы Беларусі.
У ізалятары ён знаходзіўся з іншымі затрыманымі ў той дзень актывістамі, у тым ліку з наваполацкімі прафсаюзнымі лідарамі «Нафтану». Для Скрыля гэта першы падобны досвед. Раней яго некалькі разоў судзілі быў паводле адміністрацыйных справаў за незаконны выраб прадукцыі СМІ (раней ч.2 арт. 22.9 КаАП), але тады былі толькі штрафы.
Па артыкуле 369 КК раней прадугледжвалася максімальнае пакаранне да 3 гадоў абмежавання волі (так званая «хімія»). У траўні 2021 году ў крымінальны кодэкс былі ўнесеныя змены, зараз па гэтым артыкуле прадугледжваецца да 3 гадоў пазбаўлення волі.
Уладзімір Бяляўскі