«Мама гадзін каля 15-ці патэлефанавала, сказала: «Прабач, але мяне забралі ў пастарунак». Усё, што яна паспела паведаміць, гэта што набыла кветкі і ішла да мяне на працу, каб павіншаваць. Яе затрымалі, спачатку сказалі, што завязуць у пастарунак для высвятлення асобы, а потым склалі пратакол быццам бы за пікетаванне», – расказала Кацярына Вінакурава.
Дачка мяркуе, што маці несла белыя і чырвоныя кветкі.
Замест таго, каб адзначыць 28-я ўгодкі ў сямейным коле, Кацярына шукала маці ў пастарунку, а потым рыхтавала і насіла перадачу ў месца зняволення. Дзяўчына мяркуе, што судзіць маці будуць у аўторак 30 сакавіка.
Раней Алену Вінакураву ніколі не прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці. Але судзілі дачку – за бел-чырвона-белую стужку на сумцы. Праз гэта Кацярыну Вінакураву прызналі вінаватай у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і аштрафавалі на 10 базавых велічынь.