Перад затрыманнем Барыс Хамайда расказаў што гэта яго 31-ы «свядомы Дзень волі».
«Гэта ж найвялікшае свята! Проста не магу сядзець у хаце, хоць разумею, што будуць наступствы. Узяў з сабой герб Пагоня, які быў намаляваны 12 гадоў таму вядомым віцебскім мастаком. Гэты герб паказвае маё асабістае стаўленне да гэтага свята», – сказаў Барыс Хамайда перад тым як стаць у пікет.
Ён адзначыў, што ў 1990-я на Дзень волі выходзіла шмат людзей. Пазней былі гады, калі людзей было вельмі мала, але пачынаючы з 2020-га году на плошчы беларускіх гарадоў выходзяць тысячы.
«Слухайце, самае галоўнае – трэба набрацца цярпення. Я ў жыцці аптыміст, і я веру ў тое, што прыйдзе час – і ён можа прыйсці вельмі хутка! – і мы мусім быць падрыхтаваныя і кансалідаваныя, нам не патрэбныя цяпер нейкія там «міжсабойчыкі», – лічыць Хамайда.
Ён раіць набрацца цярпення.
«Ведаеце, у Магілёве ў XVII стагоддзі, па-мойму, быў такі кліч: «Пара! Пара!» Як пачуем гэты кліч – і ўсё, тады ўсёй грамадой і выходзім на вуліцы. І мы пераможам, я ў гэтым упэўнены. Час зараз такі: у свеце пачаўся геапалітычны разварот. І нарэшце палітычны ківач кіўнуўся ў бок волі. Такога не было, а менавіта зараз гэта бачна. Так што трэба набрацца цярпення. Жыве Беларусь!» – сказаў Барыс Хамайда.
Як стала вядома, Барыса Хамайду пратрымалі ў пастарунку каля трох гадзін і вызвалілі, узяўшы тлумачэнні. Барысу Хамайду 73 гады, ён прынцыпова не сплачвае прысуджаныя судамі штрафы і не дае ў судах тлумачэнняў, бо лічыць іх нелігітымнымі.
Зміцер Міраш