Чацвер, 17 Верасень 2020

Сустрэча з кіраўніком міліцыі Віцебшчыны Грыбам скончылася затрыманьнем

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Міхаіл Грыб. Фота: ГУУС Менгарвыканкаму Міхаіл Грыб. Фота: ГУУС Менгарвыканкаму

16 верасьня прадстаўнікі грамадзка-палітычнай рады Віцебску Ірына Яскевіч і Хрыстафор Жаляпаў сустрэліся з начальнікам упраўленьня ўнутраных справаў Віцебскага аблвыканкаму Міхаілам Грыбам. Размова тычылася перавышэньня службовых паўнамоцтваў з боку віцебскіх міліцыянтаў пры затрыманьнях грамадзянаў падчас мірных акцый. На сустрэчы прысутнічалі яшчэ чатыры асобы ў масках, якія не назваліся.

На размову зь Міхаілам Грыбам была запісаная і Тацяна Севярынец, але з розных прычынаў было вырашана, што яна ў будынак УУС ня пойдзе.

17 жніўня на сустрэчы прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці з кіраўніцтвам вобласьці было заяўлена, што ніякіх перашкодаў з боку міліцыі ўдзельнікам мірных маршаў чыніцца ня будзе. Нейкі час так і было, але 6 верасьня ў Віцебску брутальна, з ужываньнем гвалту, пачалі затрымліваць удзельнікаў мірных маршаў. Было вырашана даведацца, што стала таму прычынай.

Да сустрэчы прадстаўнікі рады адабралі шэсьць эпізодаў перавышэньня міліцыянтамі сваіх службовых паўнамоцтваў. Кожны эпізод з 6 жніўня па 13 верасьня быў задакумэнтаваны (фота ці відэа). Ірына Яскевіч перадала Міхаілу Грыбу дыск з запісамі. Глядзець яго той адмовіўся, папрасіў распавесьці сваімі словамі і заявіў, што разьбярэцца. Пры канцы сустрэчы прадстаўнікі рады выказалі жаданьне атрымаць пісьмовы адказ па кожным пададзеным эпізодзе.

Са словаў прадстаўнікоў рады, сустрэча была напружанай і нармальнага дыялёгу не атрымалася. Міхаіл Грыб заявіў, што масавыя мерапрыемствы несанкцыянаваныя і міліцыя вымушаная неяк рэагаваць. Але на пытаньне, ці дзеля гэтага трэба ўжываць гвалт, так і не адказаў. Даведацца, хто даў загад на гвалтоўныя затрыманьні, таксама не атрымалася.

Адразу пасьля сустрэчы супрацоўнікі міліцыі адвезьлі Хрыстафора Жаляпава ў Першамайскі РАУС, дзе на яго быў складзены адміністрацыйны пратакол паводле арт. 23.34 за ўдзел у несанкцыянаваным маршы 6 верасьня.

Амаль адначасна да Тацяны Севярынец падышлі два супрацоўнікі і ўручылі позву ў гарадзкую пракуратуру на 17 верасьня.

С. Горкі