Панядзелак, 28 Студзень 2019

Амапавец ударыў дручком па галаве – і яна самлела. Акторка дагэтуль ня можа дабіцца праўды…

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Сьвятлана Сакалоўская. Фота: ПЦ "Вясна" Сьвятлана Сакалоўская. Фота: ПЦ "Вясна"

Хлусьня, пакрываньне і цынізм. Усё гэта – замест сумленнага расьсьледаваньня зьбіцьця беларускай акторкі ў навагоднюю ноч. Дзясятая, абсурдная, гісторыя пра тое, як дзейнічаюць “вартавыя прадку” і “вартавыя законнасьці” ў Беларусі, занатаваная ў межах мультымэдыяпраекту ПЦ “Вясна” #БезПраваНаРасправу.

Ад таго злашчаснага навагодняга дня мінуў ужо год, але гісторыя менскай акторкі Сьвятланы Сакалоўскай, якая абляцела ўсе беларускія СМІ, ніяк ня можа дайсьці да свайго лягічнага завяршэньня.

Уначы 1 студзеня 2018 году Сьвятлана Сакалоўская ў добрым гуморы прыйшла зь сябрамі на навагоднюю елку да “Чыжоўка-арэны”, дзе ў той час праходзіў сьвяточны канцэрт.

Аднак адзін з супрацоўнікаў АМАП, які дзяжурыў на імпрэзе, адмовіўся прапусьціць кампанію за турнікет, спаслаўшыся на тое, што да канца мерапрыемства засталося ўсяго 5 хвілін. Пры гэтым ягоныя калегі былі зусім ня супраць, але той упёрся і пачаў сварыцца зь сяброўкай актрысы.

Адбылася слоўная перапалка. Яна перарасла ў сварку, пачуліся абразы з боку служыцеля парадку. Ён, відавочна, ня меў сьвяточнага настрою. Сяброўка Сьвятланы стала тэлефанаваць у міліцыю. У адказ “вартавыя парадку” схапілі дзяўчыну і сталі груба запіхваць у міліцэйскі аўтобус.

Сьвятлана Сакалоўская нанава перажывае ўвесь жах той навагодняй ночы:

“Я пабегла за ёй, да аўтобусу, але раптам адзін з супрацоўнікаў рэзка ляпнуў дзьверцамі, спэцыяльна, каб ударыць мяне па руцэ. Той дзьверцай мне вырвала пазногаць і зашчаміла руку, зьявілася рана.

Пабачыўшы, што творыцца, падбег мой хлопец. Ён спытаў у амапаўца, які ляснуў дзьвярыма, ягонае прозьвішча. І за гэта яго таксама гвалтам закінулі ў аўтобус. Спалохаўшыся, я спрабавала зайсьці ў сярэдзіну салёну і прасіла, каб забралі зь сябрамі і мяне. Але ў гэты момант атрымала моцны ўдар па галаве дручком і ўпала”.

Сьвятлана Сакалоўская зьнепрытомнела і ачулася толькі ў аўтамабілі хуткай дапамогі, якую выклікаў выпадковы сьведка міліцэйскага гвалту.

У больніцы хуткай дапамогі канстатавалі закрытую чэрапна-мазгавую траўму, страсеньне галаўнога мозгу і сіняк ад удару рукой.

Раніцай, адразу пасьля шпіталя, Сьвятлана паехала ў Заводзкае РУУС Менску і напісала заяву аб прыцягненьні да адказнасьці супрацоўніка АМАПу, які прычыніў ёй цялесныя пашкоджаньні. Увечары таго ж дня дзяўчыне патэлефанаваў сьледчы Аскераў, які апытаў яе пра абставіны здарэньня.

Сьвятлана дамаглася выдачы накіраваньня на судмэдэкспэртызу ад сьледчых органаў толькі празь 5 дзён пасьля атрыманьня пашкоджаньняў. І толькі ад трэцяга па ліку сьледчага, якія зьмяняліся ў гэтай гісторыі, як пальчаткі.

І вось 11-га студзеня Сакалоўская атрымала ліст з РАСК Заводзкага раёну. Старэйшая сьледчая А. Федарэнка інфармавала яе аб падаўжэньні тэрмінаў праверкі па заяве на адзін месяц. Дакумэнт пры гэтым быў складзены з грубымі памылкамі датычна датаў і адрасоў.

“Сьледчая Федарэнка наагул пачала нас вычытваць: маўляў, навошта вы хадзілі на навагоднюю ялінку, у вас, кшталту, што, галавы на плячах няма? Самі ва ўсім вінаватыя! Уяўляеце?..

Мы прыйшлі да яе па дапамогу, нас зьбілі супрацоўнікі міліцыі, а тут такое!..” –  абураецца Сьвятлана.

Сакалоўская ўспамінае сьледчых, якія праводзілі праверку. Адзін зь іх быў мілы і ўсьмешлівы, баяў ёй анэкдоты, казаў, што ўсе будуць пакараныя. Але пазьней Сьвятлана атрымала ад яго ліст з адказам, што крымінальная справа па факце зьбіцьця распачатая ня будзе.

Але на якой падставе сьледчы прыйшоў да высновы, што ў гэтым здарэньні адсутнічае склад злачынства?..

“Калі мы прыйшлі з адвакатам у Сьледчы камітэт, каб азнаёміцца на законных падставах з матэрыяламі, з паказаньнямі сьведак, якія бачылі, як амапавец біў па галаве, сьледчы Алексіевіч cказаў: “Не!”.

“А на якой падставе?”

“Не – значыцца не”, – адказвае ён.

“Назавіце прычыну, чаму не!” – “Не!”

“Хіба гэта ня тупасьць?!” – абураецца акторка.

Маем заключэньне зь лякарні, маем заключэньне судова-мэдычнай экспэртызы, ёсьць зафіксаваныя паказаньні выпадковых, а значыцца, нэйтральных сьведкаў. Дык у чым жа справа?..

Пасьля правядзеньня праверкі і вынясеньня пастановы аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы ад 2 красавіка, Сьвятлана Сакалоўская зьвярнулася да адваката і спрабавала азнаёміцца ​​з матэрыяламі праверкі, каб абскардзіць рашэньне. Бо пастанова ўтрымлівала супярэчлівыя высновы: у прыватнасьці, паказвалася на тлумачэньні пабочнага сьведкі, які бачыў удар гумовым дручком па галаве ахвяры, але гэтая акалічнасьць не была ўзятая пад увагу пры ацэнцы сытуацыі.

Аднак матэрыялы праверкі не паказваліся адвакату – на падставе таго, што знаходзяцца ў пракуратуры на вывучэньні. У жніўні 2018 году адвакату было фактычна адмоўлена ў вывучэньні матэрыялаў: сьледчы запатрабаваў ад адваката прад’явіць арыгінал дамовы з ахвярай, даверанасьць ад імя Сьвятланы (нават у выпадку вывучэньня матэрыялу ў яе прысутнасьці).

Шматлікія звароты адваката і Сакалоўскай у вышэйшыя інстанцыі Сьледчага камітэту выніку ня далі. Зварот у гарадзкую пракуратуру прычыніўся да таго, што раённаму аддзелу сьледчага камітэту было загадана азнаёміць сумесна яе і адваката з матэрыяламі справы.

І што зьмянілася? Ды нічога!

Пасьля гэтага яна зноў зьвярнулася ў СК з просьбай аб азнаямленьні з матэрыяламі праверкі, але 9 студзеня 2019 году зноў атрымала адмову.

“Цэлы год мы ходзім па замкнёным коле. Але чаму я павінна так мучыцца, абараняючы свае правы?..

Мне заўсёды здавалася, што першаснымі ёсьць законы і Канстытуцыя, што ў чалавека ёсьць правы, што праваахоўныя органы абараняюць нас. Лічу, што чалавек, які апрануў форму, мусіць абараняць людзей, у тым ліку ад гвалту, а не чыніць гвалт, прыкрываючыся формай”, – не хавае свайго расчараваньня Сьвятлана.

Праваабарончы цэнтар “Вясна”, устрывожаны сытуацыяй вакол парушэньня правоў акторкі Сьвятланы Сакалоўскай, якую супрацоўнікі АМАП зьбілі падчас навагодніх сьвятаў 31 сьнежня 2017 году, і правоў яе адваката, зьвярнуўся да спэцдакладчыкаў ААН.

Праваабаронцы палічылі, што беларускія ўлады парушылі правы дзяўчыны, а таксама права яе адваката, якому супрацоўнікі Упраўленьня Сьледчага камітэту Заводзкага раёну Менску чынілі перашкоды пры азнаямленьні з матэрыяламі крымінальнай справы.

Працягваецца таксама абскарджаньне дзеяньняў супрацоўнікаў Сьледчага камітэту ў вышэйшых інстанцыях.

Зьбіцьцё затрыманага супрацоўнікам міліцыі – гэта службовае злачынства

Перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў – наўмыснае зьдзяйсьненьне службовай асобай дзеяньняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, дадзеных яму па службе, што пацягнула прычыненьне шкоды ў буйным памеры або істотнай шкоды правам і законным інтарэсам грамадзян, альбо дзяржаўным ці грамадзкім інтарэсам.

Наўмыснае зьдзяйсьненьне службовай асобай дзеяньняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, дадзеных яму па службе, спалучанае з гвалтам, пакутай ці абразай пацярпелага, караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасьці альбо без канфіскацыі і з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады альбо займацца пэўнай дзейнасьцю.

#БезПраваНаРасправу