У раёне сталічнага парку Дружбы народаў 17 сьнежня сустрэліся два сябры: разгаварыліся і вырашылі адзначыць сустрэчу. Пайшлі проста ў парк, пад бярозкі. Тое, што пасьля не зусім правільнага рашэньня выцерпеў адзін зь іх – Ільля Зубеня – надоўга пакіне сьлед у ягоным далейшым лёсе: ён быў жорстка, аж да разрыву бубеннай балёнкі (барабанная перапонка), зьбіты супрацоўнікамі міліцыі.
Так выпала, што на той момант у патрульнай машыне міма праяжджалі два міліцыянты. “Зафіксаваўшы” факт расьпіцьця алькаголю, вырашылі затрымаць мужчын.
“У аўтамабілі я пачаў прасіць, каб супрацоўнікі міліцыі кінулі паліць. Я – алергік. І мне цяжка трываць тытунёвы дым: пачынаюць сьлязіцца вочы, цяжка дыхаць”, - згадвае падзеі таго дня Ільля.
Ільлю з таварышам наўпрост адвезьлі ў Савецкі РУУС, пасадзілі на мэталічныя крэслы каля цэнтральнай лесьвіцы і загадалі чакаць.
Доўга спраўджвалі дадзеныя затрыманых, кудысьці сыходзілі і вярталіся. Адзін з супрацоўнікаў – старшына, які афармляў затрыманьне, па іроніі лёсу, аднойчы ўжо затрымліваў і зьбіваў Ільлю. Сам жа ён і нагадаў хлопцу пра той выпадак. Дадаў, што тады – пяць гадоў таму – ягонага калегу, датычнага да зьбіцьця, альбо звольнілі з органаў, альбо перавялі кудысьці. Мабыць, гэтая старая гісторыя ўзлавала “вартавых парадку”.
“Атрымалася, што гэта ён мяне тады забіраў і зьбіваў колькі гадоў таму. Ён двойчы перапытаў маё прозьвішча. Я паўтарыў і пачуў у адказ: “А я ж цябе ... ведаю”, – расказвае Ільля Зубеня.
Пяць гадоў таму вынікам “стасункаў” з супрацоўнікамі міліцыі было для Ільлі страсеньне мозгу.
Тады Ільля стаў здымаць тое, што адбывалася, на камэру тэлефона. Тут усё і пачалося.
Яго імгненна закавалі ў кайданкі, вырвалі тэлефон. Потым некалькі супрацоўнікаў паднялі яго з лаўкі і павялі за вугал.
“Краем вока я заўважыў, што адзін зь іх адварочвае ў бок камэру відэаназіраньня. Ну ўсё, падумаў я, прыплылі...
Так і было. Мяне зьбілі з ног, кінулі на падлогу, на правы бок. На гэты бок мне і прыпала больш за ўсё. Ўдары наносілі без разбору – і дручкамі, і берцамі. Адзін з удараў прайшоўся па галаве, было вельмі балюча...” – распавядае Ільля.
“Разумеючы, што запахла смажаным, я пачаў крычаць гвалтам, але мяне павярнулі на другі бок, па якім таксама пасьпелі некалькі разоў ударыць...”
Колькі працягвалася зьбіцьцё Ільля дакладна сказаць ня можа – праз шок. Пасьля яго рэзка паднялі за кайданкі і прышпілілі да лесьвіцы, пры гэтым рукі ў кайданках прымацавалі вельмі высока, каб знаходзіўся ў позе ластаўкі. У такой паставе хлопец правёў 15 хвілін.
Сталі зацякаць і дранцьвець рукі. Ільля енчыў аб болю. У выніку “вартавыя парадку” зьлітаваліся і зьнялі кайданкі.
У Зубені зьявілася магчымасьць папрасіць сябра, які ўвесь гэты час сядзеў побач на лаве, патэлефанаваць яго дзяўчыне. Тая, у сваю чаргу, зьвязалася з праваабаронцамі “Пляцформы”.
Каб нейкім чынам апраўдаць свае дзеяньні, супрацоўнікі міліцыі даставілі Ільлю Зубеню на агляд у гарадзкі наркалягічны дыспансэр. Ён некалькі разоў дзьмуў у трубку, якая паказвала адзінку. Але ў дакумэнт, нягледзячы на пярэчаньні Ільлі, запісалі 2.2 праміле.
Пасьля агляду Ільлю прывезьлі назад у РУУС, вярнулі тэлефон. Было каля 17.30.
“Я адразу набраў тэлефон хуткай дапамогі, бо моцна балела вуха. Пачуўшы, як я тлумачу, што мяне зьбілі ў міліцыі і я ня чую на адно вуха, старшына таксама стаў тэрмінова выклікаць брыгаду лекараў”.
Мэдыкі прапанавалі Ільлі абязбольваючае і сказалі, што трэба ехаць у больніцу. У аўто хуткай сеў і старшына міліцыі, які зьбіваў Ільлю, а другі супрацоўнік, у званьні сяржанта, паехаў сьледам на службовым аўтамабілі. Хлопца даставілі ў 2-ю гарадзкую лякарню, зрабілі здымак, узялі аналізы, агледзелі гематомы.
Ільлю зьдзівіла, што супрацоўнікі міліцыі заходзілі разам зь ім ва ўсе кабінэты, імкнуліся псыхалягічна ціснуць на мэдыкаў, намякалі, што ня варта яго шкадаваць, бо неадэкватны. Калі Ільля казаў дактарам, што моцна баліць вуха і ён ім ня чуе, старшына толькі засьмяяўся, маўляў, гэта ён сам сабе і раскалупаў яго.
Таму як у 2-й больніцы не было адмыслоўца, Зубеню накіравалі ў чацьвертую лякарню. “Ахоўнікі” рушылі сьледам. Калі яны зноў сталі заходзіць разам з Ільлёй да лекара, ён не вытрымаў і заявіў, што існуе ж лекарская таямніца і ён рашуча супраць, каб супрацоўнікі міліцыі прысутнічалі пры абсьледаваньні. Лекарка таксама выявіла прынцыповасьць і папрасіла старшыну і ягонага напарніка выйсьці на калідор.
Мэдык канстатавала разрыў бубеннай балёнкі і пачала настойваць на шпіталізацыі Ільлі.
“Маладыя людзі, ён з вамі нікуды не паедзе, яго трэба шпіталізаваць”, – паведаміла лекарка супрацоўнікам міліцыі.
Міліцыянты ўстурбаваліся, сталі тэлефанаваць кудысьці, раз-пораз пытацца: “Што рабіць?”.
Уначы да Ільлі ў лякарню прыехалі сьледчыя, падрабязна апытвалі пра здарэньне, фіксавалі паказаньні. Зубеню было ўручанае накіраваньне на судова-мэдычную экспэртызу ў Навінкі.
Супрацьпраўныя дзеяньні супрацоўнікаў РУУС былі абскарджаныя ў раённай пракуратуры і ўпраўленьні ўласнай бясьпекі УУС. Зараз праводзіцца праверка заяваў, пасьля чаго можа быць прынятае рашэньне аб узбуджэньні крымінальнай справы.
Зьбіцьцё затрыманага супрацоўнікам міліцыі – гэта службовае злачынства
Перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў – наўмыснае зьдзяйсьненьне службовай асобай дзеяньняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, дадзеных яму па службе, што пацягнула прычыненьне шкоды ў буйным памеры або істотнай шкоды правам і законным інтарэсам грамадзян, альбо дзяржаўным ці грамадзкім інтарэсам.
Наўмыснае зьдзяйсьненьне службовай асобай дзеяньняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, дадзеных яму па службе, спалучанае з гвалтам, пакутай ці абразай пацярпелага, караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасьці альбо без канфіскацыі і з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады альбо займацца пэўнай дзейнасьцю.