Абодвух затрымалі ўвечары ў пасёлку Руба, што пад Віцебскам. Двух спадароў пэнсійнага веку затрымлівалі амапаўцы, паклалі тварам на зямлю, зьбівалі, пагражалі застрэліць… Пра гэта распавёў Барыс Хамайда:
“Было падобна да нападу нейкіх бандытаў. Бо яны былі ў цывільным, крычалі, пагражалі, адзін прыставіў мне нешта ззаду да галавы і пагражаў забіць… А ў Чыгуначным райсудзе яны заявілі , што мы не падпарадкаваліся іх патрабаваньням, адмовіліся назваць прозьвішчы. Выглядала сьмешна: здаровыя хлопцы і мы - мне 67 гадоў, Салаўян на пару гадоў маладзейшы. А яму пры затрыманьні яшчэ і “ўрэзалі” нагой па твары… Судзьдзя Алена Цыганкова дала нам па трое сутак”.
Падчас адбыцьця арышту высьветлілася, што прэтэнзіі да актывістаў яшчэ і ў іншым. Іх выклікалі на допыты і змушалі прызнацца, “хто зь іх Мірон”. Зь першага дня затрыманьня гэта пачаў высьвятляць сьледчы камітэт, кажа Барыс Хамайда:
“Адразу, як нас прывезьлі ў Чыгуначны РАУС, зьявіўся чалавек у форме, на ёй было напісана “Сьледчы камітэт”. Ён разабраў па частках і забраў з сабой мой мабільны тэлефон. І не пакінуў пра гэта ніякага дакумэнту, папросту забраў - і ўсё!”
Праваабаронца Павал Левінаў лічыць гэты факт вельмі небясьпечным парушэньнем: “Дакумэнтаў ніякіх няма, і хто тэлефануе зараз з гэтага апарату - невядома. Патэлефанаваць жа можна, напрыклад, пра тэракт! І тады ў Барыса Ханонавіча пачнуцца непрыемнасьці куды большага маштабу”.
27 сакавіка Хамайду проста з ІЧУ забралі на агляд яго жытла, санкцыянаваны пракурорам Раманоўскім. Дакумэнт аб гэтым - адзіны, які пакінулі супрацоўнікі Першамайскага РАУС. І гэта - таксама парушэньне, адзначае Павал Левінаў:
“Барыс Хамайда, вярнуўшыся з “сутак”, размаўляў са мной пра гэтыя падзеі. Ён распавёў, што падчас агляду не было сьведак, што агляд праходзіў адразу ў абодвух пакоях яго двухпакаёвай кватэры, і што па кватэры хадзіў відэаапэратар з камэрай, здымаў інтэр’еры, кухню, пярэдні пакой… Не выключаю, мы гэта можам неўзабаве ўбачыць па БТ. Але горш за ўсё, што Хамайду не пакінулі пратаколу пра канфіскацыю рэчаў - бел-чырвона-белых сьцягоў, стужкі і шаліку. Гэта тое, што ён заўважыў. Імаверна, было і нешта яшчэ. А цяпер, без пратаколу, супрацоўнікі міліцыі могуць заявіць, што забралі ў яго што заўгодна! А маглі і падкласьці што заўгодна, каб “знайсьці” наступным разам. Сьведак ж не было! Такім чынам, глядзелі не толькі тое, што было згадана ў пастанове адміністрацыйнай справы, а наогул - што ім падавалася падазроным”.
У пастанове на агляд жытла адзначалася, што яго робяць у сувязі з адміністрацыйнай справай паводле артыкулу 10.9 КаАП. Гэта артыкул аб зьнішчэньні або псаваньні маёмасьці ў нязначным памеры. Справа была заведзеная па заяве РУП “Віцебскэнерга” за шматлікія выпадкі вывешваньня сьцягоў на электрычныя правады. Такія выпадкі фіксуюцца ў Віцебску ўжо шмат гадоў, але справу распачалі 27 сакавіка - якраз калі Аляксандар Салаўян і Барыс Хамайда адбывалі арышт.
Пасьля выхаду з “сутак” сябры сустрэліся на ганку ІЧУ, і Салаўян распавёў, што ператрус быў і ў яго прыватнай хаце ў вёсцы Зайцава Віцебскага раёну. Што ў яго забралі, ён не ўдакладняў, аднак цяпер яго мабільны тэлефон не адказвае - ня выключана, што і ягоны апарат ужо “пад арыштам”.