Па выніках першага этапу выбарчай кампаніі грамадзкая актывістка зь вёскі Суйкава Віцебскага раёну Алена Янушкоўская была зарэгістраваная кандыдатам у дэпутаты Віцебскага абласнога і Віцебскага раённага саветаў дэпутатаў. Хацела стаць яшчэ кандыдатам у дэпутаты роднага Заронаўскага сельскага савету, але не атрымалася.

На чарговым паседжаньні, 18 студзеня, Віцебская гарадзкая выбарчая камісія па выбарах дэпутатаў Віцебскага гарадзкога Савету дэпутатаў дваццаць восьмага скліканьня зарэгістравала 68 кандыдатаў у дэпутаты. Пяцёра прэтэндэнтаў, якія хацелі пазмагацца за дэпутацкія мандаты, атрымалі адмовы.

Раённыя адміністрацыі Віцебску завяршылі фармаваньне складаў участковых камісій па выбарах дэпутатаў гарадзкога Савету дэпутатаў дваццаць восьмага скліканьня. Неўзабаве камісіі пачнуць працаваць, а зарэгістраваныя кандыдаты ў дэпутаты зоймуцца агітацыяй.

Колькі грошай і на якія расходы выдзяляецца выбарчым камісіям? Такая інфармацыя, на думку незалежных назіральнікаў, павінна публікавацца ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі і на афіцыйных сайтах выканаўчых камітэтаў дзеля захаваньня нормы закону пра галоснасьць выбараў. З адпаведнай прапановай выступіў назіральнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Леанід Сьвецік зь Віцебску.

Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў прапанаваў Цэнтарвыбаркаму зьвярнуцца з просьбай да прэзыдэнта аб адмене выбараў у Віцебскі гарадзкі Савет дэпутатаў 28-га скліканьня, бо “дэпутацкі корпус ужо вядомы выбарцам”. Да звароту прыклаў сьпіс будучых пераможцаў па ўсіх акругах. І атрымаў ужо адказ: адмена немагчымая…