Чацвер, 15 Люты 2024

У Глыбокім прайшоў пікет у падтрымку дырэктара завода “Ветразь”Анатоля Сіўко

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Як піша сайт раённай газеты “Веснік Глыбоччыны”, пікет у падтрымку кандыдата ў дэпутаты так званай Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання прайшоў у Глыбокім. Праўда, выданне не называе яго імя. Але на здымках бачны нават сам кандыдат, які прыехаў у горад агітаваць за сябе. Гэта Анатоль Сіўко, дырэктар завода “Ветразь” у Бягомлі, што на Докшыччыне. Яго і павінны будуць прызначыць улады ў так званую Палату прадстаўнікоў на Докшыцкай акрузе №22, у якую уваходзіць Глыбоччына.

Пікет адбыўся ў межах агітацыйнай кампаніі каля канцэртнай пляцоўкі на беразе возера Кагальнае. Як бачна па фота, асноўную масу, якая была на пікеце, складалі брсмаўцы і работнікі глыбоцкага райвыканкама на чале з галоўным ідэолагам горада Людмілай Карніловіч і намесніцай старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Таццянай Тарасевіч (яна, дарэчы, жонка сумнавядомага суддзі Андрэя Тарасевіча, які выносіў і працягвае выносіць палітычна матываваныя прысуды глыбачанам).

Паводле раёнкі, давераныя асобы кандыдата ўручалі мінакам (а на самой справе вышэйпералічаным) інфармацыйныя лісты аб кандыдаце, а сам кандыдат у дэпутаты так званай Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь расказаў жыхарам Глыбоччыны пра сябе і пазнаёміў са сваёй перадвыбарнай праграмай.

Як бачна па фота, пікет быў нешматлікім і жыхароў горада, акрамя чыноўнікаў і брсмаўцаў, не зацікавіў. Бо глыбачане, як і іншыя беларусы, ведаюць, што такое на самой справе ўяўляюць з сябе так званыя выбары ў нашай краіне. Выбары без выбару.

Антон Ігнат