Аўторак, 22 Люты 2022

Назіральніка Вадзіма Кузьміна пасля першых скаргаў выклікалі ў пракуратуру

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Вадзім Кузьмін Вадзім Кузьмін

Віцяблянін Вадзім Кузьмін зарэгістраваўся назіральнікам на «рэферэндум» ад партыі «Справядлівы свет» адразу на двух участках (участак №1 у бібліятэцы імя Астроўскага па вул. Дзімітрава і ўчастак №2 у індустрыяльна-тэхналагічным каледжы па вул Кірава). Парушэнні ён заўважыў у тым, што на першым участку не быў вывешаны спіс сябраў камісіі, тым часам як на другім участку такі спіс быў.

Затое скрыня перад пачаткам галасавання была апячатаная такім чынам, што пад крышку магла пралезці далонь. Назіральнік напісаў скаргі ў акруговую камісію, а на ўчастках тым часам вырашылі пазбавіцца ад яго.

«Да мяне падыходзяць і кажуць: «Ведаеце, Вадзім Мікалаевіч, у нас ужо ёсць назіральнікі ад БРСМ, ад Белай Русі, ад Фонду Міру. Трох назіральнікаў нам дастаткова, і мы клапоцімся пра ваша здароўе: зараз людзі хварэюць на каронавірус, ідзіце лепей дахаты». Значыць, як рэферэндум праводзіць, дык каронавірусу няма. А як мне працаваць назіральнікам, дык ёсць небяспека?» – кажа Вадзім Кузьмін.

Назіральнік падаў скаргі ў акруговую камісію, у тым ліку і пра тое, што яго выдалілі з участкаў. Скаргі ён адвёз асабіста, але не паспеў дабрацца дахаты, як яму патэлефанавалі з пракуратуры і запрасілі прыехаць «на прафілактычную гутарку». Калі ж ён адмовіўся, то пракурорскія работнікі прыгразіліся прыехаць да яго дахаты, нягледзячы на тое, што ён даглядае хворую 92-гадовую маці.

Вадзім Кузьмін вырашыў, што сам у пракуратуру без позвы не пойдзе, бо не парушаў заканадаўства ў адрозненне ад чальцоў выбарчых камісіяў.

Альбіна Рэут