Серада, 23 Люты 2022

Барыс Хамайда: «Рэферэндум» наконт зменаў у Канстытуцыю нелегітымны

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Барыс Хамайда Барыс Хамайда

Найстарэйшы віцебскі апазіцыянер не збіраецца браць удзел у «рэферэндуме» 27 лютага. На ягоную думку, няма сэнсу разважаць пра змены ў цяперашняй Канстытуцыі РБ, бо яна нелегітымная, а значыць, і вынікі рэферэндуму не могуць мець законнай сілы. Паводле Барыса Хамайды, апошняя беларуская легітымная Канстытуцыя -1994 году.

«У 1996 годзе адбыўся антыканстытуцыйны пераварот, тады таксама праводзілі рэферэндум па зменах у Канстытуцыі. Вынікі гэтага рэферэндуму так і не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю. З тае пары і пачалося беззаконне. Калі мне кажуць пра рэферэндум, які мае адбыцца, я пытаюся: хто яго прызначыў? Няма ніводнага легітымнага дзяржаўнага органа, які мог бы гэта зрабіць. Калі гэта асоба – той чалавек, які цяпер кіруе нашай краінай, дык і ён нелегітымны кіраўнік! З такім самым поспехам, як грамадзянін Беларусі, рэферэндум магу абвесціць і я. Але які сэнс? Ягоныя вынікі не будуць законнымі», – кажа Барыс Хамайда.

Барыс Хамайда – юрыст паводле адукацыі. І ён перакананы: каб прымаць нейкія змены ў Асноўны Закон, спачатку трэба вярнуцца да Канстытуцыі 1994 году, якая мела законную сілу. Толькі адштурхнуўшыся ад яе, можна рухацца наперад у дзяржаўным будаўніцтве, у знешняй і ўнутранай палітыцы. Але такі шлях не задавальняе цяперашнія ўлады, кажа спадар Хамайда:

«У Беларусі гэта ўжо чацвёрты рэферэндум. З дапамогай рэферэндумаў дзяржаўныя структуры хочуць атрымаць пэўныя гарантыі: маўляў, гэта не мы рабілі так ці сяк – гэта народ так вырашыў. Прычым ва ўладаў сёння ёсць апарат прымусу, каб атрымаць патрэбны ім вынік. Але ім трэба вывучаць сусветную гісторыю! Прыкладам, падчас кіравання Адольфа Гітлера ў Нямеччыне былі арганізаваныя, здаецца, пяць рэферэндумаў. Але іх вынікі былі ануляваныя ў Нюрнбэргу, калі сусветная грамадскасць публічна асудзіла фашызм. І беларускія рэферэндумы чакае такі самы лёс, я нават не сумняюся!»

На думку Барыса Хамайды, будучы рэферэндум адыграе выключна адмоўную ролю ў міжнародных стасунках. Беларусь можа страціць рэшткі аўтарытэту сярод краінаў свету, бо яны не захочуць ладзіць супрацу з дзяржавай, якая на працягу больш як 25 гадоў парушае свае ж уласныя законы, і робіць гэта з кожным разам усё больш адкрыта і цынічна.

Андрэй Кот