Чацвер, 09 Верасень 2021

Дырэктара СШ №44 Віцебску звольнілі «за канцэртную дзейнасць». У жніўні 2020-га яго змусілі фальшаваць пратаколы

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)

Звольнілі дырэктара віцебскай школы №44 Сяргея Піталенку. На мінулых выбарах ён быў старшынём выбарчай камісіі, якую адміністрацыя раёна схілялі перарабіць пратакол, паведамляе «Наша Ніва». Сяргей Піталенка пакуль без працы. 

«Мяне звольнілі паўтара месяца таму, — кажа Сяргей Піталенка. — Афіцыйная прычына — за канцэртную дзейнасць у працоўны час. Трэба сказаць, што я даўно вяду розныя мерапрыемствы ў раёне, гэта ўсім вядома і раней нікога не турбавала. Цяпер палічылі, што гэта парушэнне працоўнага заканадаўства і абавязацельстваў дзяржаўнай асобы. Я хоць і не быў чыноўнікам, але прыроўнены да яго».

Пакуль былы дырэктар СШ №44 адпачывае.

«У школу ўладкавацца наўрад ці атрымаецца. Буду разглядаць іншыя варыянт. Дзякуй богу, канцоўку лета правёў з дачкой, чаго ніколі не было раней», — усміхаецца ён.

«Я 11 гадоў узначальваў школу. А наогул 29 гадоў у адукацыі. Гэта павінна было быць трыццатае 1 верасня для мяне», — заўважае Сяргей.

Сяргей Піталенка быў старшынёй выбарчай камісіі № 25. У сеціва трапіла аўдыё, як старшыня Кастрычніцкага раёна Віцебска Сяргей Сташэўскі ўгаворваў іх памяняць месцамі колькасць галасоў за Ціханоўскую і Лукашэнку. Прадстаўнікі камісіі абураліся, як яны будуць глядзець у вочы выбарцам, а чыноўнік расказваў, што сёння — іншыя задачы. У выніку пратакол перапісалі.