Нагадаем, што адразу пасля выбараў быў апублікаваны аўдыёзапіс, на якім кіраўнік раённай адміністрацыі «за зачыненымі дзвярыма» патрабаваў ад сябраў участковай выбарчай камісіі №25 змяніць пратакол галасавання і памяняць месцамі вынікі двух кандыдатаў – Ціханоўскай і Лукашэнкі.
Падчас сустрэчы віцяблян з Мікалаем Шарстнёвым 17 жніўня старшыня аблвыканкаму заявіў, што ў дачыненні да спадара Сташэўскага праводзіцца праверка. Аднак да гэтага часу пра яе вынікі нічога не вядома.
Пасля інцыдэнту з аўдыёзапісам Сяргей Сташэўскі знік з публічнай сферы і стаў недаступны для журналістаў. Аднак напярэдадні «Дажынак» ён браў удзел у адкрыцці пасля капрамонту дзіцячага садку № 36. Пра гэта напісалі «Віцьбічы», але фота чыноўніка не апублікавалі.
1 кастрычніка з'явілася неафіцыйная інфармацыя аб праводзінах Сяргея Сташэўскага з пасады кіраўніка раённай адміністрацыі. 2 кастрычніка гэтая інфармацыя пацвердзілася зменамі на сайце гарвыканкаму: імя і фота чыноўніка зніклі са старонкі кіраўніцтва Кастрычніцкага раёну.
Сяргей Сташэўскі пачынаў карʼеру ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, пасля працаваў у апараце Савету Міністраў на пасадзе памочніка намесніка прэмʼер-міністра. У Віцебск ён пераехаў 11 гадоў таму, атрымаўшы спачатку пасаду намесніка, а потым, у 2010 годзе, кіраўніка адміністрацыі свабоднай эканамічнай зоны «Віцебск». Кастрычніцкім раёнам спадар Сташэўскі кіраваў каля 6 гадоў, ад снежня 2014 года.