Панядзелак, 13 Ліпень 2020

Смолікаў: Улада прадчувае, што гэтыя выбары могуць пайсьці ня так, як зазвычай

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Кастусь Смолікаў Кастусь Смолікаў

Старшыня Віцебскай абласной арганізацыі партыі БНФ Канстанцін Смолікаў – адзіны апазыцыйны лідэр, улучаны ў склад Віцебскай абласной камісіі па выбарах прэзыдэнта краіны. Карэспандэнт «Віцебскай Вясны» сустрэўся са спадаром Смолікавым, каб пагаварыць пра асаблівасьці кампаніі і ягоную працу ў выбарным органе.

Ад 2015-га – толькі тры новыя сябры

У склад абласной камісіі Кастусь Смолікаў увайшоў ужо ў другі раз. Упершыню такое адбылося ў 2015 годзе. Ён мяркуе, што сёлета яго ўключылі ў склад камісіі, бо свайго прадстаўніка не вылучала партыя «Справядлівы сьвет».

У 2015 годзе пры падвядзеньні вынікаў ён выказаў сваё асабістае меркаваньне пра тое, што выбары нельга прызнаць ані свабоднымі, ані справядлівымі. Для сябраў абласной камісіі гэта сталася поўнай нечаканасьцю. Пасьля гэтага ў склад абласной камісіі на мясцовых выбарах і выбарах у парлямэнт яго больш ня бралі. Таму сёлетняе ўключэньне сталася пэўнай нечаканасьцю.

Як кажа Смолікаў, стасункі паміж сябрамі камісіі склаліся працоўныя, нэўтральныя – кожны займаецца сваёй працай. Усе адно аднаго ведаюць, бо склад камісіі з году ў год застаецца амаль нязьменны. Ад 2015-га ў складзе камісіі зьявіліся толькі трое новых сябраў.

«Рэальнай працы амаль няма»

«Праца ў абласной камісіі – выключна тэхнічнай скіраванасьці, уплыву на хаду выбараў яна не аказвае. Рэальнай працы ў абласной камісіі амаль няма, яе сябры дзяжураць ды рэгіструюць уваходную дакумэнтацыю», – расказвае Кастусь Смолікаў.

«Але цікава, што ў камісіі існуе асоба, якая штодня дзяжурыць толькі ў першай палове дня. І таму іншыя сябры камісіі ня маюць магчымасьці праглядаць атрыманыя за час дзяжурства акты, пратаколы падліку галасоў і іншыя матэрыялы з раёнаў. Атрыманыя лісты мусяць быць падшытыя ў тэчцы ўваходных дакумэнтаў, але іх там няма. Яны захоўваюцца ў сэйфе, да якога маюць доступ сакратар камісіі і старшыня, а мо нават і старшыня ня мае. Асабіста я маю доступ толькі да той дакумэнтацыі, якая трапіла ў камісію за час майго дзяжурства», – тлумачыць наш суразмоўца.

Юрысты Бабарыкі пададуць у суд

«Нядаўна адбылося непасрэднае парушэньне заканадаўства, адназначна прапісанае ў выбарчым кодэксе. Па скаргах штабу і сябраў ініцыятыўнай групы Бабарыкі на дзеяньне раённай камісіі аб непрызнаньні шэрагу подпісаў сапраўднымі мусілі зьбірацца сябры абласной камісіі, але гэтым разам яе старшыня даў адказ аднаасобна. Цяпер юрысты Бабарыкі з нагоды парушэньня працэдуры разгляду будуць падаваць на дзеяньні старшыні камісіі ў суд.

Я таксама зьвяртаўся з просьбай па дазвол на прагляд падпісных лістоў у раённых камісіях. Па гэтым пытаньні мусіла быць прынятае калегіяльнае рашэньне, але адказ старшыня камісіі і гэтым разам даў адказ аднаасобна. Магчыма, з гэтай нагоды буду пісаць у ЦВК і скардзіцца на дзеяньні кіраўніка», – распавядае Смолікаў.

Навошта апазыцыянэру ісьці ў склад камісіі

«Статус сябра абласной камісіі дазваляе выказваць сваё меркаваньне, дае легальную магчымасьць наведваць выбарчыя ўчасткі, правяраць наяўную там дакумэнтацыю, прысутнічаць пры падліку галасоў, бачыць вынікі галасаваньня.

У 2015 годзе мой статус дазволіў мне прысутнічаць на адным з участкаў Чыгуначнага раёну і бачыць, колькі выбарцаў рэальна прагаласавалі за апазыцыйную кандыдатку Тацяну Караткевіч. Тады на ўсіх выбарчых участках раёну яна набрала недзе ў межах 20% галасоў выбарцаў».

Дзе адбываюцца асноўныя фальсыфікацыі?

«Участковай камісіі загадзя даводзяцца патрэбныя лічбы пратаколу. Калі нешта пайшло ня так і ўчастковая камісія ня здолела падагнаць пад патрэбныя адсоткі, падчыстка адбудзецца на ўзроўні раённых камісіяў. Так зазвычай усё атрымліваецца.

Абласная камісія проста зацьвярджае лічбы, якія ўжо падчышчаны».

«У прыўладных удзельнікаў адчуваецца мандраж»

«Я б адзначыў большую закрытасьць. Раней шмат інфармацыі было на сайтах. Падавалася, хто вылучае ў абласную камісію. Цяпер гэтага няма. Інфармацыя падаецца неяк прыхавана, не адразу кідаецца ў вочы на сайце. Такое ўражаньне, што гэта зроблена адмыслова, каб у людзей былі цяжкасьці з пошукам. Менш стала лічбавай інфармацыі.

Сёлета, мне падаецца, у яе прыўладных удзельнікаў адчуваецца нейкі мандраж, нейкае нядобрае прадчуваньне таго, што гэтыя выбары могуць пайсьці ня так, як зазвычай. Заўважны пэўны мандраж, напружанасьць, хаця, здаецца, выбары ідуць, як заўсёды.

Калі б на пачатку праймэрыз старая апазыцыя адчула, што настроі насельніцтва і выбаршчыкаў памяняліся, што трэба працаваць на перамогу – была б зусім іншая кампанія. Калі б праймэрыз даў адзінага кандыдата, то ён не згубіўся б у шэрагах Ціханоўскага і Бабарыкі, дый вынікі былі б адпаведныя.

Я лічу, 200-250 тысячаў за адзінага кандыдата сабралі б лёгка, а так да пачатку кампаніі вырашылі, што яна прайграная», – падзяліўся сваім меркаваньнем Кастусь Смолікаў.

Размаўляў С.Горкі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.