Аўторак, 20 Люты 2018

Павал Левінаў выбарчай камісіі: Вы змарнавалі народныя грошыкі…

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Павал Левінаў. Фота: facebook.com Павал Левінаў. Фота: facebook.com

Праваабаронца Павал Левінаў накіраваў на адрас Віцебскай абласной выбарчай камісіі адкрыты ліст, у якім выказаў расчараваньне, што сябры камісіі не прыслухаліся да яго ранейшых парадаў і не абвясьцілі яшчэ ў студзені аб самароспуску. Гіпатэтычны сьпіс Левінава, дасланы ў выбаркам за два месяцы да выбараў, цалкам супаў з выніковым сьпісам выбраных у аблсавет дэпутатаў.

“Дык ці былі выбары?..”

“Сябры камісіі! Пісьмова, 15 студзеня 2018 году, я прасіў вас у мэтах эканоміі бюджэтных (народных) сродкаў, кіруючыся Цьвярозым Розумам і  Сумленьнем, спыніць удзел у эскападзе і прыняць рашэньне аб самароспуску, таму што ад выбарцаў нічога не залежыць, а дэпутатамі стануць толькі 60 асобаў, якіх я назваў у прыкладзеным да майго звароту сьпісе, складзеным задаўга да даты выбараў. Вы не прыслухаліся да Голасу Розуму і ў выніку змарнавалі народныя грошыкі. А дэпутатамі сталі людзі з дасланага мною сьпісу”, – піша Левінаў у сваім лісьце.

“Дык ці былі выбары? Адкажыце ня мне! Сабе!” – просіць праваабаронца.

“Зычу вам дажыць да тых часоў, калі ў Рэспубліцы Беларусь выбары будуць сапраўды выбарамі, а не эскападай!” – падсумоўвае Павал Левінаў.

Але ці трэба быць букмэкерам?..

Афіцыйныя зьвесткі аб выбраных дэпутатах Віцебскага абласнога савета дэпутатаў дваццаць восьмага скліканьня ўжо апублікаваныя. У графе “пасада” – адны гендырэктары, дырэктары, начальнікі, старшыні, загадчыкі, дэканы і галоўурачы (у крайнім выпадку – іх намесьнікі). Без выключэньня.

Яшчэ ў сьнежні Павал Левінаў даваў “Віцебскай вясьне” гарантыю 120%, што ягоны сьпіс цалкам супадзе з выніковым. Меў рацыю. Цяпер у інтэрнэце жартуюць, што выбаркамы па ўсёй Беларусі проста апублікавалі загадзя складзеныя сьпісы Левінава.

Дарэчы, чатыры гады таму на мясцовых выбарах прагноз праваабаронцы Паўла Левінава таксама цалкам спраўдзіўся. Але ці трэба быць букмэкерам, каб адгадаць вынікі беларускіх выбараў?..

Паводле падлікаў праваабаронцы Леаніда Сьвеціка, выбары ў Віцебскі гарсавет абышліся бюджэту як мінімум у 350 тыс. рублёў. Абраньне толькі аднаго дэпутата каштавала казьне 4,5 тыс. даляраў.

Як кажа Леанід Сьвецік, выбары пакінулі шмат пытаньняў. “Тым ня менш сумненьні мусяць быць разьвеяныя. А такое магчыма толькі пры радыкальнай зьмене выбарчай сыстэмы, што існуе цяпер, у бок адкрытасьці, празрыстасьці і дэмакратычнасьці працэдураў”.

Зьміцер Міраш