Серада, 27 Снежань 2017

Павал Левінаў прапанаваў ЦВК спыніць выбары і зэканоміць грошы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў прапанаваў Цэнтарвыбаркаму зьвярнуцца з просьбай да прэзыдэнта аб адмене выбараў у Віцебскі гарадзкі Савет дэпутатаў 28-га скліканьня, бо “дэпутацкі корпус ужо вядомы выбарцам”. Да звароту прыклаў сьпіс будучых пераможцаў па ўсіх акругах. І атрымаў ужо адказ: адмена немагчымая…

Сьпіс Левінава

У электронным звароце, накіраваным у Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, Павал Левінаў зазначыў, што “выбары” дэпутатаў Віцебскага гарадзкога Савету дэпутатаў 27-га скліканьня можна лічыць зьдзейсьненымі”, бо “ад выбарцаў ужо нічога не залежыць”. Ніжэй праваабаронца падаў сьпіс з 40 асобаў, якія, як пераконвае Левінаў, абавязкова патрапяць у гарсавет.

У сьпісе Левінава – выключна кандыдаты, якія на дадзены момант займаюць кіраўнічыя пасады ў дзяржаўных арганізацыях і на прадпрыемствах Віцебску.

У размове з “Віцебскай вясной” Павал Левінаў запэўніў, што гатовы даць хоць 120-адсоткавую гарантыю, што ягоны сьпіс адзін у адзін супадзе з выніковым. Адкарэктаваць зьмест гэтага сьпісу, на яго думку, могуць хіба што тагасьветныя сілы (напрыклад, сьмерць кандыдата).

4 гады таму прагноз ужо спраўджваўся

Павал Левінаў ужо мае досьвед падобных прадказаньняў. Падчас папярэдніх выбараў у гарадзкі Савет у 2014 годзе, за месяц да абвяшчэньня вынікаў, ён даслаў у Цэнтарвыбаркам сьпіс будучых дэпутатаў з прапановай спыніць кампанію. Зразумела, што выбары не спынілі, але склады дэпутацкага корпусу паводле Левінава і паводле выбаркаму аказаліся ў выніку ідэнтычнымі.

Цяпер Левінаў узяўся прадказаць вынікі яшчэ раней – за два месяцы да фінішу выбарчай кампаніі.

“Можаце напісаць пра мяне як пра тых жывёлаў, якія прадказваюць вынікі гульняў на футбольных чэмпіянатах”, – жартуе.

Колькі каштуюць выбары: $4,5 тыс. – на аднаго дэпутата

Нагадаем, што прапанову аб спыненьні выбараў Левінаў абгрунтоўвае магчымасьцю такім чынам “зэканоміць бюджэтныя (народныя) сродкі”. Колькі ж канкрэтна грошай выдаткоўвае сёлета дзяржава на правядзеньне мясцовых выбараў у Віцебску?

Паводле інфармацыі назіральніка кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Леаніда Сьвеціка, толькі на забесьпячэньне працы Віцебскай гарадзкой камісіі выдаткоўваецца 23 тыс. 394 рублі. Акрамя таго, на працу кожнай участковай камісіі (а такіх у горадзе – 159)  выдзяляецца, у залежнасьці ад колькасьці яе сябраў, ад 2 тыс. 195 да 2 тыс. 707 рублёў.

“Такім чынам, выбары 40 дэпутатаў гарсавету абыдуцца, як мінімум, у 350 тысяч рублёў”, – падсумаваў Леанід Сьвецік.

Паводле ягоных падлікаў, абраньне аднаго дэпутата будзе каштаваць прыкладна 9 тыс. рублёў (4,5 тыс. даляраў) бюджэтных сродкаў.

Цэнтарвыбаркам: адмена не прадугледжаная

Прапанова Паўла Левінава аб спыненьні выбараў і ашчадзе сродкаў, як і чатыры гады таму, не атрымала станоўчай рэакцыі ў Цэнтарвыбаркаме.

“Растлумачваем, што законам не прадугледжаная адмена выбараў, прызначаных у вызначаным парадку Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Адзначаем, што ініцыяваная Вамі працэдура не стасуецца з міжнароднымі стандартамі ў вобласьці правядзеньня выбараў”, – гаворыцца ў адказе з Цэнтарвыбаркаму, падпісаным старшынёй камісіі Лідзіяй Ярмошынай.

Нагадаем, што выбары мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць восьмага скліканьня адбудуцца 18 лютага 2018 году.

Зьміцер Міраш