Безальтэрнатыўныя выбары
Калі зыходзіць з электаральнага значэньня слова «выбары», то выбаршчык павінен мець выбар, г.зн. ён мусіць сьвядома выбраць зь некалькіх прэтэндэнтаў такога чалавека, які, на ягоны погляд, здольны эфэктыўна прадстаўляць яго інтарэсы ў органах улады.
Аднак падчас гэтых выбараў у дваццаці з сарака выбарчых акругаў у Віцебскі гарадзкі Савет дэпутатаў балятавалася па аднаму (!) кандыдату ў дэпутаты. Такім чынам, у выбаршчыкаў адсутнічаў элемэнтарны выбар падчас галасаваньня. І, як вынік, дэпутатамі сталі людзі выпадковыя, не гатовыя з поўнай адказнасьцю і эфэктыўнасьцю працаваць у палітыцы. А як паказала практыка, выпадковыя людзі ва ўладзе – патэнцыйна небясьпечныя для грамадзтва і дзяржавы.
Да вынікаў галасаваньня няма даверу
Возьмем за прыклад адзін выбарчы ўчастак. Аналізуючы дадзеныя, атрыманыя падчас падліку галасоў на ўчастку для галасаваньня №4 Чыгуначнага раёну Віцебску, можна зрабіць шэраг цікавых высноваў пра «кухню», на якой яны былі вырабленыя.
На гэтым участку мусілі прагаласаваць 795 выбаршчыкаў. Фактычна ж прагаласавалі нібыта 633 чалавекі, то бок блізка што 80% (!). Калі ўлічыць, што кандыдаты практычна адмовіліся праводзіць магутныя агітацыйныя кампаніі, традыцыйную палітычную пасіўнасьць электарату ды несамавітасьць дэпутатаў мясцовых саветаў у вачох выбаршчыкаў, то яўку можна ахарактарызаваць як непраўдападобна высокую.
На ўчастку датэрмінова прагаласавалі 346 чалавек, або 43% (!!) ад сьпісачнага складу выбарчага ўчастку.
У галасаваньні на даму ўзялі ўдзел 125 прадстаўнікі электарату, што складае больш за 15% ад зарэгістраваных выбаршчыкаў. Падазроным зьяўляецца той факт, што годам раней падчас выбараў у беларускі парлямэнт на гэтым участку на даму прагаласавалі толькі 30 чалавек. Рост ахвотных галасаваць па-за ўчасткам для галасаваньня больш як у чатыры разы (!!!) уражвае і спараджае недавер да вынікаў галасаваньня дома.
У асноўны дзень галасаваньня, 18 лютага, на выбарчы ўчастак прыйшлі 162 выбаршчыкі, што складае крыху больш за 20%. Калі параўнаць з выбарамі дэпутатаў у ніжнюю палату парлямэнту ў верасьні 2016 году, то на тых выбарах у дзень асноўнага галасаваньня на стацыянарны ўчастак прыйшлі каля 19,5% выбаршчыкаў. Такім чынам, можна зрабіць меркаваньне, што калі б не «таксычны» прымус галасаваць датэрмінова і празьмерна высокі адсотак галасаваньня на даму, сапраўдная колькасьць тых, хто галасуе на выбарах усіх узроўняў – гэта толькі 20% (!!!!) ад усіх выбаршчыкаў.
Заслужаны рэцыпіент
Акрамя безальтэрнатыўнага кандыдата ў Віцебскі гарадзкі Савет дэпутатаў, на ўчастку для галасаваньня №4 праходзілі альтэрнатыўныя выбары ў Віцебскі абласны Савет дэпутатаў.
Першы з кандыдатаў, Мікалай Канявалаў, – былы кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску. Зараз ён – камуніст, дырэктар ДРУП «"Дзяржбудэкспэртыза" па Віцебскай вобласьці». Яму процістаяла вядомая ў горадзе бізнэс-лэдзі і прадстаўніца апазыцыйнай Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ірына Яскевіч. Вынікі галасаваньня за гэтых як палітычных, так і гендэрных антаганістаў, на мой погляд, вельмі паказальная.
Падчас датэрміновага галасаваньня за Канявалава аддалі 222 галасы (27,9% ад агульнай колькасьці выбаршчыкаў), за Яскевіч – 87 (10,9%); пры галасаваньні на даму – 105 (13,2%) і 15 (1,88%) адпаведна; на ўчастку ў дзень асноўнага галасаваньня – 158 (19,9%) і 1 (0,13%). З пункту гледжаньня матэматычнай статыстыкі, гэта абсурд. Параўноўваючы час датэрміновага галасаваньня і асноўны дзень выбараў, адсотак тых, хто прагаласаваў за кандыдата М. Канявалава, зьменшыўся ў 1,4 разу, а кандыдата І. Яскевіч – у 83 разы. Бо за час датэрміновага галасаваньня не адбылося якой-небудзь надзвычайнай падзеі, якая б так моцна абрынула рэйтынг і давер выбаршчыкаў да кандыдата Яскевіч!
Дый у галасаваньні па месцы знаходжаньня выбаршчыкаў асноўны рэцыпіент (атрымальнік) ёсьць колішні заслужаны «вэртыкальшчык», кандыдат у дэпутаты М. Канявалаў, што наводзіць на думку, што была нейкая штучная карэкцыя вынікаў галасаваньня выбаршчыкаў на даму.
Больш таго, дадзеныя галасаваньня выразна паказваюць мне паводзіны выбаршчыкаў як супрацьпрыродныя і з пункту гледжаньня псыхалёгіі. У мяне няма веры таму, што ў асноўны дзень галасаваньня з 162-х чалавек за кандыдата-жанчыну прагаласаваў толькі адзін выбаршчык. Усё ж, пры ўсіх роўных умовах, людзі схільныя больш давяраць жанчынам, і таму многія больш ахвотна галасуюць за іх.
Таму паўстае натуральнае пытаньне. На якой стадыі выбарчага працэсу зьявіліся скажэньні электаральных рэаліяў? Мабыць, мы гэтага ўжо не даведаемся...
У сухой астачы
Вядома, мае здагадкі і меркаваньні тычацца толькі ўчастку для галасаваньня №4 Чыгуначнага раёну Віцебску. Высновы, заснаваныя на аналізе вынікаў на гэтым участку, некарэктна абагульняць і пашыраць на астатнія выбарчыя ўчасткі гораду.
Тым ня менш сумненьні мусяць быць разьвеяныя. А такое магчыма толькі пры радыкальнай зьмене выбарчай сыстэмы, што існуе цяпер, у бок адкрытасьці, празрыстасьці і дэмакратычнасьці працэдураў. Інакш на наступных выбарах можна чакаць пэрманэнтнага надыходу нелегітымнасьці органаў і інстытуцыяў улады, якія фармуюцца праз выбары.
https://viciebskspring.org/news/vybary/item/2683-vitsebsk-vybary-skonchylisya-pytanni-zastalisya#sigProId084a08b347
Леанід Сьвецік, назіральнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары»