Вядома, што Вы звярнуліся ў раённую адміністрацыю Віцебску наконт сьвяткаваньня 27 ліпеня.
Так, як старшыня Віцебскай абласной рады партыі БНФ я зьвярнуўся ў адміністрацыю Чыгуначнага раёну Віцебску, каб дазволілі правесьці мітынг, прысьвечаны 22-й гадавіне прыняцьця дэкларацыі аб незалежнасьці 27 ліпеня 1991 году.
Што плянуеце зрабіць?
Плянуем запрасіць на мітынг сьведку тых падзеяў, прадстаўніка фракцыі партыі БНФ – спадара Лявона Баршчэўскага. Выпусьціць газэту „Магістрат”, нумар якой поўнасьцю будзе прысьвечаны падзеям ліпеня 1991 году.
А што будзеце рабіць, калі ўлады не дадуць згоду?
Калі ўлада не дазволіць правесьці публічную акцыю, мы абмяжуемся выпускам газэты „Магістрат”.
Як сьвяткавалі ў мінулым годзе?
У 2012 годзе сьвяткаваў 27 ліпеня ў Гарадку, на цэнтральнай плошчы пад бел-чырвона-белым сьцягам, з улёткамі. Тады ішла кампанія па выбарах у палату прадстаўнікоў, таму не было перашкод.
А што скажаце наконт надыходзячых выбараў у мясцовы савет?
Асабіста я, як кіраўнік абласной арганізацыі партыі, абавязаны ўдзельнічаць і буду ўдзельнічаць абавязкова! Нашая мэта – гэта закласьці падмурак прэзыдэнцкай кампаніі. Але дзеля таго, каб усё атрымалася, трэба да старту мясцовай кампаніі прыйсьці да згоды і вызначыць адзінага кандыдата ў прэзыдэнты, які будзе ўзгаданы ў кожнай улётцы, на пікеце, у выступах.
Крыніца: Дыялёг Online газэта