Аўторак, 23 Жнівень 2022

Сяргея Серабро выклікалі ў ГУБАЗіК наконт падзеяў 2020-га году

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

З рэдактара і заснавальніка «Народных навінаў Віцебску» узялі тлумачэнні, як ён асабіста асвятляў мірныя шэсці пасля мінулых прэзідэнцкіх выбараў, і што на гэтую тэму публікавалася на ягоным сайце.

Спадару Сяргею не паведамілі, ці ёсць у яго нейкі юрыдычны статус, але пад запіс распыталі наконт таго, як праходзілі мірныя пратэсты – ці заўважыў ён нейкія парушэнні з боку пратэстоўцаў. Ён патлумачыў, што выконваў звыклую журналісцкую працу: асвятляў навакольныя падзеі, імкнуўся не змешвацца з натоўпам, назіраць за ўсім збоку і быць аб’ектыўным падчас напісання матэрыялаў.

Следчых цікавіла, ці не быў журналіст прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці паводле тагачасных падзеяў. Сяргея Серабро двойчы затрымлівалі супрацоўнікі аддзелу міліцыі Першамайскага раёну, але размовы ў пастарунку сканчаліся толькі папярэджаннем пра недапушчальнасць парушэння заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Гутарка з супрацоўнікамі ГУБАЗіК працягвалася каля гадзіны. Напрыканцы паўжартам зазначылі, «што «ННВ» малавата ўдзяляюць увагі праблемам злачыннасці, – так напісаў Сяргей Cерабро на сваёй Старонцы ў Фэйсбуку. Але, на думку рэдактара сайта,  крымінальнай хроніцы там надаецца ці не найбольш увагі ў параўнанні з іншымі рэгіянальнымі СМІ.

Таццяна Віктарава