Пракуратурай было ўстаноўлена, што ў некаторых артыкулах змяшчалася недакладная інфармацыя, якая негатыўна характарызуе грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне пасля заканчэння выбарчай кампаніі 2020 году.
Пракуратура палічыла, што гэтая інфармацыя была накіраваная на дыскрэдытацыю дзейнасці прэзідэнта РБ, праваахоўных і іншых дзяржаўных органаў. Маўляў, на інтэрнет-рэсурсе сістэматычна размяшчаліся публікацыі, якія матывавалі грамадзян да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах.
Аднак пасля праверкі пракуратурай не было дакладна паказана, якімі менавіта матэрыяламі было ўчыненае парушэнне патрабавання пп.1.3 п.1 арт.38 Закону аб СМІ. І акурат якую інфармацыю, распаўсюджаную аршанскім інтэрнэт-рэсурсам, трэба лічыць забароненай, накіраванай на прапаганду вайны і экстрэмісцкай дзейнасці ці якая змяшчала заклікі да такой дзейнасці.
Такі агульны падыход пракуратуры да забароны працы сайту носіць агульны валюнтарысцкі характар, не спрыяе слушнаму і аднастайнаму разуменню грамадзянамі патрабаванняў дзейных законаў. Гэтая акалічнасць не дазваляе аспрэчыць рашэнне ведамства ў судовым парадку, то бок пракуратура сама парушыла права грамадзянаў на разгляд у судзе законнасці абмежавання доступу да сайту «ORSHA.EU Аршанскі рэгіянальны партал».
Тым не меньш, па фактах выяўленых парушэнняў пракурор Віцебскай вобласці Ігар Украінец вынес пастанову аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-сайту «ORSHA.EU Аршанскі рэгіянальны партал», якую хутка выканалі працаўнікі Міністэрства сувязі і інфармацыі.
Міхась Пісараў