«Атрымліваецца, што на мяне завялі крымінальную справу за абразу прэзідэнта, хаця я Святлану Ціханоўскую ніколі не абражала, таму гэта хлусня чыстай вады. Справу, распачатую супраць мяне, прыпынілі, абвесціўшы мяне ў вышук», – паведаміла Алена Янушкоўская.
Блогерка прызнаецца, што нават не здагадваецца, які дакладна стрым стаў падставай для завядзення справы. Кажа, што, у прынцыпе, любы ролік на яе канале «Настоящая Беларусь» пры жаданні ўлада можа прызнаць экстрэмісцкім і абразлівым. Прынамсі адзін са стрымаў Алены – «Малітва за Беларусь з Вячаславам Барком» – ужо дакладна прызнаны экстрэмісцкім матэрыялам.
Алена Янушкоўская мяркуе, што справа за абразу прэзідэнта – не адзіная «крыміналка», якую распачалі ў дачыненні яе.
«Бо зуб на мяне даўно вастрылі. Я і з краіны выязджала, бо мяне папярэдзілі міліцыянты, якія мне спачуваюць, што на мяне завялі крыміналку. Потым, за некалькі тыдняў да прызнання экстрэмісцкай «малітвы», старшыня сельсавету Ярошкіна разносіла чуткі па вёсцы, што мне пагражае 7 гадоў турмы, калі вярнуся. То бок я мяркую, што не адна справа на мне вісіць. Але гэта першая афіцыйная папера, якая пацвярджае мае здагадкі», – кажа Алена Янушкоўская.
Расказала, што раней ёй на «Вайбер» званіў супрацоўнік Віцебскага РАУС Недзведзь, прапаноўваў прыехаць і забраць тэхніку, якую канфіскоўвалі ў 2020 годзе. Сцвярджаў, што блогерцы нічога не пагражае.
«Я думаю, што яны такім чынам спрабуюць мяне выманіць туды», – мяркуе Алена Янушкоўская.
Янка Прас