А пачаўся сход з хвіліны маўчаньня ва ўшанаваньне памяці вядомага віцебскага журналіста Ўладзімера Жыгулова, які ў сьнежні мінулага году ва ўзросьце 79-ці гадоў сышоў у лепшы сьвет. Узорам дэмакратычнай журналістыкі назвала ягоную працу старшыня філіі Алена Сьцяпанава. Яна адзначыла, што спадар Уладзімер быў прынцыповым, бескампрамісным і адданым сваёй прафэсіі журналістам, які працягваў пісаць, нават знаходзячыся ў шпіталі пасьля некалькіх інсультаў.
У сваёй справаздачы сярод найгалоўнейшых падзеяў у працы філіі яе кіраўнічка назвала спрыяньне захаваньню парку ў раёне вуліц Чэхава і Ўрыцкага, штогадовы ўдзел у міжнароднай акцыі «Станем за журналістыку», здымкі і прэзэнтацыю трох дакумэнтальных фільмаў («Я лічу, што я шчасьлівы» пра грамадзкага актывіста Георгія Станкевіча, «Выбар Барыса Хамайды» і «Ён такі, Павал Левінаў»), фотавыставу да Дня незалежнай прэсы, конкурс літаратурных твораў пра каханьне, выпуск паштовак журналісцкай салідарнасьці і шэраг іншых справаў. Не прамінула падзякаваць яна і сваім калегам, якія выступаюць з ініцыятывамі і дапамагаюць іх рэалізоўваць.
Выбары чатырох дэлегатаў ад філіі на зьезд БАЖу, які мусіць адбыцца ў красавіку, і выбары старшыні філіі прайшлі надзіва хутка і амаль пры аднагалоснай згодзе. Алена Сьцяпанава не згубіла даверу калегаў і захавала сваю пасаду яшчэ на адзін тэрмін, і яе разам са Зьмітром Казакевічам, Паўлам Левінавым і Віталем Скрылём абралі дэлегатам бажаўскага зьезду ад Віцебску.
Разынкай сходу стала перадпрэм'ерная дэманстрацыя чарговага дакумэнтальнага фільму, створанага сябрамі філіі, пад назвай «Сам-насам з памяцьцю». Гэтым разам героямі журналісцкай працы сталі віцебскія ліквідатары аварыі на Чарнобыльскай АЭС Анатоль Гнеўка і Сяргей Іконьнікаў.
Алена Сьцяпанава ўзяла ўдзел у стварэньні фільму як рэжысэр і прадусар. Вікторыя Дашкевіч – як аўтар ідэі, сцэнарыст, яна ж фільм і агучыла. Вячаслаў Лазараў удала дэбютаваў, як апэратар. У гульнявых эпізодах зьняліся Ігар Мацьвееў (у ролі Анатоля Гнеўкі) і Алег Квяцінскі (у ролі Сяргея Іконьнікава).
Дэманстрацыяй фільму сход, аднак, ня скончыўся, ягоныя стваральнікі парадавалі калег-журналістаў яшчэ і гумарыстычным міксам з працоўных эпізодаў, якія не ўвайшлі ў канчатковы варыянт. Мікс, пабудаваны па матывах вядомага мультфільму «Фільм, фільм, фільм» перадаў настрой і атмасфэру працы над фільмам «Сам-насам з памяцьцю».
Як падаецца, сход атрымаўся насычаным па зьмесьце і эмацыйна запамінальным.
https://viciebskspring.org/news/svaboda-slova/item/2726-vitsebskiya-bazhautsy-pravyali-spravazdachna-vybarny-skhod#sigProId36a35fdbf6
С. Горкі