Раней Вольга Карач зьвярнулася ў суд Цэнтральнага раёну Менску з заявай аб скасаваньні папярэджаньня пра парушэньне артыкулаў 4 і 38 Закону Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі». Папярэджаньне выданьню абвясьціла Міністэрства інфармацыі. У раённым судзе адказалі, што менавіта гэтая справа ім непадсудная, і скіравалі ў Вярхоўны суд.
Вольга Карач: «Мы будзем падаваць у Вярхоўны суд таксама. І будзем абскарджваць адмову Цэнтральнага суду. Наша заканадаўства ня вельмі падрабязна піша, што рабіць, калі абвешчанае папярэджаньне. Сказана, што трэба зьвярнуцца ў суд. Мы зьвярнуліся. Зараз будзе Вярхоўны суд, але будзе і суд Цэнтральнага раёнк, таму што, я лічу, што ў першую чаргу трэба зьвяртацца ў суд першай інстанцыі, а гэта раённы суд».
Як паведамлялася на сайце міністэрства, інтэрнэт-выданьне «Віцебскі Кур’ер» папярэдзілі за «несапраўдную інфармацыю». Міністэрства інфармацыі грунтуе свае прэтэнзіі да выданьня на падставе меркаваньняў Віцебскага аблвыканкаму. Мясцовыя ўлады палічылі і загаловак, і зьмест матэрыялу «За што дзіця забіраюць з пасьпяховай сям’і» непраўдзівымі.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя