Нядзеля, 12 Сакавік 2017

Журналісты Віцебшчыны вучыліся ствараць відэасюжэты смартфонам

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Трэнінг для журналістаў рэгіёну па стварэньні звычайным смартфонам навінавага відэасюжэту прайшоў 3 і 4 сакавіка ў Полацку. Правёў трэнінг дасьведчаны відэаапэратар тэлеканалу «Белсат», фатограф, кіраўнік Барысаўскай суполкі Беларускай асацыяцыі журналістаў Аляксандар Зянкоў. У навучаньні ўзялі ўдзел журналісты зь Віцебску, Глыбокага і Полацку.

У першы дзень журналісты вывучалі асноўныя правілы вытворчасьці відэаздымкаў звычайным смартфонам. Удзельнікі трэнінгу даведаліся, якія бываюць здымачныя пляны, як трымаць смартфон падчас здымак, якая працягласьць здыманьня аднаго пляну. Другі дзень быў прысьвечаны практыцы правядзеньня відэаздымкаў і мантажаваньню зьнятага матэрыялу ў адзіны відэасюжэт з дапамогай звычайнага смартфону.

З раніцы журналісты праводзілі відэаздымкі ў горадзе: апытвалі жыхароў наконт праблемы дэкрэту пра «дармаедаў», вялі здымкі праблемнага дарожнага пакрыцьця старога моста праз раку і рыхтавалі іншыя матэрыялы. Да канца сэмінару-трэнінгу кожны ўдзельнік стварыў свой відэасюжэт на ўласным смартфоне.

У трэнінгу ўдзельнічалі журналісты, якія пішуць тэкставыя матэрыялы, таму дадатковыя навыкі правядзеньня відэаздымкаў падвысяць прафэсійныя магчымасьці журналістаў у рэгіёне.

Журналіст з Глыбокага Тацяна Смоткіна: «Я ўжо была знаёмая з правіламі відэаздымкі і ўдзячная Аляксандру Зянкову, што ён засяродзіў нашу ўвагу на праграмах па мантажы відэасюжэту на смартфоне».

Атрыманыя веды дазволяць журналістам апэратыўна ствараць відэасюжэты і хутка разьмяшчаць іх у сацыяльных сетках. Трэнінг быў арганізаваны Полацкай філіяй Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Аляксандар Марозаў