Некалькі дзясяткаў фотаздымкаў, зьнятых больш чым за дваццаць гадоў віцебскімі журналістамі і фатографамі Ігарам Мацьвеевым, Сяргеем Серабром, Антонам Сьцепанішчавым і Аленай Сьцяпанавай, сабраныя разам, адлюстравалі змагарны шлях самага вядомага распаўсюдніка незалежнай прэсы ў Віцебску. У любое надвор’е, зімой і летам, як нязьменны вартавы «сіняга дому» нясе ён сваю службу, прапагандуючы вольнае беларускае слова, а разам зь ім ідэалы дэмакратыі ды свабоды.
І калі на бальшыні фотаздымкаў Барыс Ханонавіч сфатаграфаваны менавіта ля «сіняга дому, то фільм «Выбар Барыса Хамайды» (аўтары Алена Сьцяпанава і Аляксандар Зянкоў), адлюстроўвае іншую грань ягонай дзейнасьці. Ён распавядае пра віцебскага апазыцыянэра як пра рэдактара некалі папулярнай незалежнай гарадзкой газэты «Выбар». Але ня толькі пра гэта. З таго дыялёгу, што вядзе з гледачом на працягу ўсяе стужкі яе герой, перад намі паўстае чалавек, да глыбіні душы ўлюблёны ў свой родны Віцебск – горад, у якім ён нарадзіўся і безь якога не ўяўляе свайго жыцьця, горад са сваёй душой і аўрай.
І фотавыстава, і фільм уразілі і расчулілі прысутных, якія добра ведаюць спадара Хамайду, заахвоцілі іх да добрых словаў як на адрас галоўнага героя гэтай імпрэзы, так і на адрас яе стваральнікаў.
У прыватнасьці, журналіст Андрэй Аліфірэнка, назваўшы Барыса Хамайду айцом-заснавальнікам і прадусарам газэты «Выбар», прыгадаў многіх з тых журналістаў, што працавалі ў выданьні разам зь яе рэдактарам. Параўноўваючы цяпершчыну зь мінуўшчынай, ён панаракаў на тое, што колькасьць пэрыядычнай прэсы, што раней выдавалася ў Віцебску, зьменшылася ў разы.
Паэтэса Людміла Сіманёнак пасьля прагляду фільму зазначыла, што Барыса Ханонавіча «гэтак любіць камэра», бо на экране ён выглядае, як сапраўдны актор. Прачытала яна і свой верш, прысьвечаны найбліжэйшаму паплечніку спадара Хамайды Ўладзімеру Плешчанку:
Не сьціраюцца з дыску фантомы.
Дома ў Віцебску ты ці ў гасьцях.
Ля народнага «сіняга дому»
Беларускі хвалюецца сьцяг.
Белы сьцяг з паласою чырвонай
Бачна ў самай бяззорнай начы
У надзейных руках, што да скону
Не пакінуць яго берагчы…
Не падлеглы ні страху, ні стоме.
Не ўцячэ да чужых берагоў.
Ля шматлюднага «сіняга дому»
Сьцяг чакае народу свайго.
Барыс Ханонавіч аддзячыў добрым словам стваральнікам фільму і сказаў, што падчас прагляду ўспамінáў тых людзей, якіх ужо няма, але якія дапамагалі, каб газэта выходзіла. Зь ягонага меркаваньня, фільм стаў своеасаблівым помнікам усім, хто спрычыніўся да стварэньня газэты. Прыгадаў ён і выпадак, калі Ўладзімер Плешчанка пасьля выхаду газэты «Выбар» зь вершам Славаміра Адамовіча «Убей президента» добраахвотна на знак салідарнасьці пажадаў разьдзяліць крымінальную адказнасьць зь яе рэдактарам, заявіўшы пра калектыўнае рашэньне друкаваць верш.
Прысутны на мерапрыемстве паэт і бард з Бешанковічаў Георгі Станкевіч выканаў некалькі сваіх узьнёслых і патрыятычных сьпеваў.
https://viciebskspring.org/news/svaboda-slova/item/1845-vybar-yaki-vyznachae-ljos#sigProId8d5f0738e0
С. Горкі