Пазоўнік хацеў спагнаць за маральную шкоду з гэзэты і аўтара Мікалая Петрушэнкі 5 млн. рублёў у салідарным парадку. Але судзьдзя адмовіла ў задавальненьні пазову да выданьня “Віцебскі кур’ер”. Між тым, праваабаронцы лічаць, што вынесены прысуд неабгрунтаваны і незаконны зь юрыдычнага пункту гледжаньня. Гэтак, як заўважыў віцебскі праваабаронца Павал Левінаў, да матэрыялаў справы нават ня быў падшыты сам газэтны артыкул. Акрамя таго, тэкст ня быў падпісаны Петрушэнкам як аўтарам, а падаваўся рэдакцыяй пад агульнай рубрыкай “Дасьледаваньні Мікалая Петрушэнкі”.
“То бок гэта публікацыя зьяўляецца рэдакцыйным артыкулам і ў якасьці адказчыка павінен быў выступаць прадстаўнік “Віцебскага кур’ера”, – кажа Левінаў. Але рэдакцыя газэты ўдзелу ў працэсе ня брала, бо нават не атрымала позвы ў суд. Левінаў мяркуе, што пазоўнік не падаў аніякіх доказаў таго, што яму прычынілі маральную шкоду. У пазоўнай заяве ён выказаў толькі меркаваньні, што публікацыя зьняважыла яго маральна.
Судзьдзі Барысавец неаднойчы падчас працэсу заяўляліся адводы. Але штораз яна іх адхіляла. Петрушэнка зьбіраецца абскарджваць рашэньне Талачынскага суду ў Віцебскім абласным судзе.