Рашэньне Першамайскага райсуду, якое спрабаваў абскардзіць віцебскі актывіст КХП БНФ, засталося безь зьменаў – Сяргей Каваленка мусіць выплаціць 1 мільён штрафу, прысуджанага яму за дробнае хуліганства. І падчас працэсу 26 сакавіка ў Першамайскім райсудзе Віцебску, і ў абласным судзе Каваленка спрабаваў давесьці сваю невінаватасьць. Але судзьдзя абласнога суду Ірына Смалякова падтрымала рашэньне судзьдзі Першамайскага райсуду Валянціны Кісьмярошкінай.

У Віцебскім абласным судзе 5 красавіка адбыўся разгляд скаргі актывіста партыі БНФ Леаніда Аўтухова на рашэньне судзьдзі Кастрычніцкага суду Віцебску Іны Грабоўскай аб пакараньні яго пяцьцю суткамі арышту. Як звычайна, разгляд скаргаў дэмакратычных актывістаў даручылі судзьдзю Віцебскага абласнога суду Ірыне Смаляковай. Гэтая служачая вядомая тым, што яшчэ ні разу ня вынесла рашэньня на карысьць актыўных грамадзян паводле іх шматлікіх скаргаў.

Канстытуцыйны суд ня стаў разглядаць пытаньне, пастаўленае перад ім віцебскім сябрам КХП-БНФ Янам Дзяржаўцавым. Апошні прасіў суд разабрацца з рашэньнем Віцебскага гарвыканкаму № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску». На думку палітыка, згаданае рашэньне мясцовых уладаў супярэчыць нормам Канстытуцыі, бо, фактычна, пазбаўляе грамадзян права на мірныя сходы.

Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску наклаў арышт на 1 400 000 рублёў, якія знаходзяцца на дэпазытным рахунку суду Кастрычніцкага раёну і належаць Тамары Кандаковай. Гэта стала вядома з пастановы судзьдзі Эдгара Марцірасяна ад 21 сакавіка 2013 году па прадстаўленьні судовага выканаўцы суду Кастрычніцкага раёну Віцебску.

Судзьдзя Першамайскага райсуду аштрафавала сябра КХП-БНФ на падставе міліцэйскага пратакола, дзе было напісана, што ўвечары 25 сакавіка Сяргей Каваленка быў “у стане алькагольнага ап’яненьня”, ды яшчэ “нецэнзурна выказваўся” і “размахваў рукамі”. Актывіст ніводнага з гэтых абвінавачаньняў не прызнаў. Судовы працэс над Сяргеем Каваленкам 26 сакавіка распачала судзьдзя Натальля Карабліна, а пасьля перапынку на тры дні – 29 сакавіка – судзіць актывіста прызначылі іншай судзьдзі, Валянціне Кісьмярошкінай. Чаму так адбылося, прысутным не патлумачылі.