У якасьці доказу зьдзяйсьненьня правапарушэньня судзьдзя выкарыстала 1-хвілінны ролік, зьмешчаны ў Інтэрнэце. Судзьдзя ня стала абцяжарваць сябе высьвятленьнем таго, хто менавіта зьняў і апрацаваў гэты ролік, і яе не зьбянтэжыў той факт, што на роліку відавочныя сьляды мантажу. Каб прагледзець відэа падчас судовага працэсу, у паседжаньні быў зроблены перапынак на гадзіну: файл на дыску, які знаходзіўся ў матэрыялах справы, не адчыняўся. Падчас перапынку судзьдзя Карабліна здабыла недзе іншы дыск, і запіс на ім стала падставай для пакараньня сябра КХП-БНФ.
Затрыманы Ян Дзяржаўцаў быў напярэдадні: у суд яго прывезьлі з ізалятару часовага ўтрыманьня, дзе ён правёў ноч. Актывіст распавёў у судзе, што міліцыянт, які складаў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні, сказаў яму, што лічыць, што няма падставаў для зьмяшчэньня яго ў ІЧУ да суду, і выпісаў позву ў суд на 3 красавіка, – але паступіў загад аднекуль згары, каб працэс быў паскораны.
У судзе Ян Дзяржацаў прызнаў, што сапраўды парушыў рашэньне Віцебскага гарвыканкаму, паводле якога каб атрымаць дазвол на правядзеньне масавых мерапрыемстваў і пікетаў ад мясцовых органаў улады, трэба сьпярша заключыць дамовы зь міліцыянтамі, камунальнікамі і мэдыкамі, якія ад заключэньня гэткіх дамоў усяляк ухіляюцца. На парушэньне актывіст пайшоў сьвядома, бо цягам апошніх гадоў колькі разоў ён і іншыя дэмакратычныя актывісты падавалі заяўкі на пікеты, і ніводнага разу ніхто не атрымаў дазволу на іх правядзеньне.
«Я кіраваўся Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі дамовамі, якія Рэспубліка Беларусь падпісалі, у прыватнасьці Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правох. Гэтыя прававыя акты забясьпечваюць маё права на вольнае выказваньне свайго меркаваньня, у тым ліку і празь пікет», – заявіў Ян Дзяржаўцаў.
Тым ня менш судзьдзю Карабліну ён не пераканаў. Відаць, яна палічыла, што рашэньне Віцебскага гарвыканкаму № 881 ад 10 ліпеня 2009 году «Аб масавых мерапрыемствах у г. Віцебску» і Закон «Аб масавых мерапрыемствах» маюць прыярытэт вышэйшы за Канстытуцыю і нормы міжнароднага права.