Як кажа сьледзтва, яна, займаючы пасаду генэральнага дырэктара, знаходзілася ў карупцыйнай змове з Вальдэмарасам Норкусам, зь якім сужэнцавала і які ўзначальваў фірму «Даймас» (Летува).
Пракурор настойвае, што ў гэтага грамадзяніна былі кантакты з заводам у Рызе, які спэцыялізуецца на камбікармох. Праз «Руском-Р» (кампанія, даччынае прадпрыемства названай вышэй фірмы) і пастаўляліся імпартныя кармы і кармавыя дабаўкі. Апроч таго, як падкрэсьлівае абвінавачаньне, з дапамогай падначаленых Ганны Васільеўны ў конкурсе перамагла тая фірма, якая была патрэбная. Такія дзеяньні падначаленых асоб абвінавачаньне тлумачыць жаданьнем ня страціць пасаду, дагадзіць начальству, атрымаць нейкія прывілеі, ухіліцца ад адказнасьці за хібы ў працоўным працэсе. Усе яны сёньня зьяўляюцца падсуднымі.
У адпаведнасьці з матэрыяламі сьледзтва, фірмай «Даймас» для заяўкі ў тэндэры ставіўся кошт, які сьведама быў заніжаны. Але пасьля цана расла, прычынамі чаго называліся транспартныя выдаткі і аплата мытных збораў. У выніку канчатковы кошт імпартнага камбікорму істотна перавышаў цану за айчынны. Шкоду, якая была нанесеная птушкафабрыцы, дзяржаўнае абвінавачаньне ацэньвае ў 4 мільярды рублёў.
Як і ад Ганны Шарэйкі, прызнаньня віны дзяржабвінавачаньне не пачула і ад былых намаў Надзеі Семчанковай, Яўгена Канавальчанкі і Мікалая Камарова, а таксама ад партнэраў Вальдэмараса Норкуса і Міхаіла Разжывіна. З прызнаньнем сваёй віны выступіў толькі адзін падсудны - галоўны спэцыяліст птушкафабрыкі Ўладзімер Ліярэнцавіч.